Карпянкоў асабіста здымаў на камеру “пакаяльныя відэа” для БТ

Карпянкоў асабіста здымаў на камеру “пакаяльныя відэа” для БТ

22-гадовы Давід Слашчаў, фігурант "справы 11-ці ўдзельнікаў чата", распавёў пра пакаяннае відэа, запісаць якое яго прымусіў асабіста намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў. Відэа было паказанае на дзяржканале.

"Калі мяне на відэа здымаў Карпянкоў, то ён мне сказаў: "Ці ты цяпер кажаш, што табе заплаціў каардынатар тысячу долараў, або прама цяпер "едзеш" на 16 гадоў"", — распавёў Слашчаў праваабарончаму цэнтру "Вясна". Хлопец здолеў з'ехаць за мяжу і схавацца ад пераследу. Давіда аб'явілі ў вышук.

Па словах Слашчава, падчас здымкаў ён спалохаўся. Таму сказаў тое, што ад яго хацелі пачуць. 

"Натуральна, калі мяне першы раз затрымліваюць, вельмі жорстка збіваюць, то я падумаў, што мяне наогул забіць могуць, а не вельмі хацелася..." — узгадвае Давід.

Напрыканцы верасня ў Мінску было затрымана 11 чалавек. Іх збілі і прад'явілі абвінавачванні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Па версіі следства, абвінгавачаныя былі нібыта ўдзельнікамі ТГ-чату "радыкальнай накіраванасці".

"Калі нас "бралі", то жорстка збівалі ўсю ноч. Калі нас затрымалі і запіхнулі ў бусік, то казалі, што ўсе "паедзем" на 16 гадоў і пачалі жорстка збіваць — "выбіваць паказанні", так бы мовіць. Білі па галаве нагамі, дубінкамі, рукамі... Проста тапталіся ўсюды. Калі прывезлі ў РУУС Першамайскага раёна, то па кабінетах таксама дубасілі. Адзінае, калі хтосьці пачынаў плакаць або спасылаўся на нейкія праблемы са здароўем, то іх не чапалі. Я асабіста губляў прытомнасць. Я ім казаў: "Спыніцеся, я губляю прытомнасць". Яны мне казалі: "Кладзіся на падлогу!" і далей працягвалі біць. Мяне збівалі берцамі — потым было вельмі шмат сінякоў", — узгадвае Слашчаў.

Судовы працэс па "справе 11-ці ўдзельнікаў чата" цягнецца амаль месяц. Суд праходзіць фактычна ў закрытым рэжыме, туды не могуць патрапіць нават сваякі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі