Заплечнік у бамбасховішчы і авіятрывогі: беларус пайшоў у першы клас ва Украіне

Рэпрэсіі і суагрэсія рэжыму Лукашэнкі не абыходзяць бокам дзяцей / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Мішу 7 гадоў. Ён з Беларусі, але ведае больш украінскіх песень, чым беларускіх. У першы клас яму таксама давялося ісці ва Украіне. Так склалася праз тое, што Ганне, Мішавай маме, прыйшлося ратавацца ва Украіне ад пераследу беларускіх уладаў па палітычных матывах. Вясной 2021 года яна была вымушаная за адзін дзень сабраць валізу і пакінуць дом. Пазней муж і сын да яе далучыліся.

Еўрарадыё даведалася, як сям'я будуе жыццё ў краіне, якая ваюе — адпраўляе дзіця ў першы клас, уладкоўваецца пасля разбамбаванага ў Ірпені дома, — і калі адчувае сябе "не такімі".

Ганнін сын / фота з архіва сям'і

"Жылі ў Ірпені добра і нават выдатна"

Ва Украіне Ганна з мужам і сынам пасяліліся ў Ірпені, дзе і сустрэлі вайну.

— Я маркетолаг, знайшла тут працу ў міжнароднай кампаніі. Муж перавёўся ў кіеўскі офіс кампаніі, у якой працаваў у Беларусі. Мы знялі домік у Ірпені і жылі там сваё жыццё да 24 лютага добра і нават выдатна, — кажа Ганна.

У Ірпені сям'я старанна ўладкоўвала побыт / фота з сямейнага архіва

Калі пачалася вайна, сям'я не адважылася адразу з'ехаць: калегі скідалі Ганне фота затораў на 8 шэрагаў, а ўночы з 24 на 25 у дзіцяці паднялася высокая тэмпература.

— З першых гадзін мы чулі і выбухі. Кожны дзень чыталі навіны і прымалі рашэнне застацца, а потым другога сакавіка на суседнюю вуліцу прыляцела авіябомба. Заставацца стала больш небяспечна, і мы адважыліся з'ехаць.

"Намоленую" наёмную кватэру давялося пакінуць. А ў канцы сакавіка невялікі таўнхаус, дзе жыла сям'я, стаўся цалкам разбураны. Цяпер Ганна з мужам і сынам жывуць у невялікім горадзе пад Кіевам. Тут трэба было вырашаць, куды ўладкаваць дзіця да 1 верасня.

Разбураны дом у Ірпені, які Ганне з мужам і сынам давялося пакінуць / фота з Ганнінага архіва

— У гэтым гарадку я правяла першыя тры месяцы пасля эвакуацыі з Беларусі. Тут жа ў нас прапіска, а ў дзіцяці ёсць сябры. Мы спынілі выбар на ліцэі, да якога, як выявілася, адносіліся па прапісцы. Муж проста пазнаёміўся з настаўніцай, сказаў, што яна суперадэкватная — можна ісці. Дырэктар проста паглядзеў нашу даведку аб прапісцы і сказаў прыходзіць. Наогул ніякіх пытанняў, ніякіх грошай, — расказвае Ганна.

 

"Сігнал паветранай трывогі — дзеці ідуць у бамбасховішча"

Зборы ў школу прайшлі даволі спакойна. Усё ўдалося знайсці і купіць, прычым патрацілася сям'я не моцна. На ўсё — ад асадак да адзення — 5-6 тысяч грыўняў (350-420 рублёў). Аднак ёсць асаблівасці, звязаныя з вайной. Лінейкі 1 верасня не было: баяліся нападу на школу. Таму мерапрыемства перанеслі на канец лета.

— Але гэта была не класічная лінейка з вялікай колькасцю дзяцей, званкамі. Проста сустрэча вучняў і бацькоў першага класа. Дзеці прыйшлі ў вышыванках, зладзілі невялікае свята.

Праз вайну вочна вучацца толькі першакласнікі. З другога па дванаццаты клас дзеці займаюцца анлайн.

— Гучыць сігнал паветранай трывогі — дзеці ідуць у абсталяванае бамбасховішча. Туды мы ім купілі настолкі, размалёўкі, алоўкі, іншыя цацкі. Там стаяць трывожныя заплечнікі, у якіх медыкаменты, вада і нейкая ежа, таму што невядома, колькі будзе доўжыцца сігнал паветранай трывогі.

За першы навучальны тыдзень паветраная трывога была адзін раз. Яна доўжылася дзесьці паўгадзіны. Мы з дзіцем не абмяркоўвалі, што яно адчувала з гэтай нагоды, але калі б яму было дрэнна, яно б расказала. Педагог гэта ўпакаваў у гульню. І пакуль у яго такі ўзрост, што гэта сапраўды ўспрымаецца як гульня. Таму больш хваляваліся бацькі, чым дзеці.
 

Прытулак "па правіле дзвюх сцен" у доме Ганны ў Ірпені. Там хаваліся ў часе абстрэлаў / фота з Ганнінага архіва

"Адчуванне, што ты не такі, з'яўляецца, калі адкрываеш фэйсбук"

У праграме няма рускай мовы і літаратуры, а навучанне вядзецца толькі па-ўкраінску. Ганна кажа, што яе сын спраўляецца выдатна.

— Ён гаворыць па-ўкраінску лепш за мяне, хоць правёў тут усяго паўгода. Дзеці больш адаптыўныя, плюс ён хадзіў у нулёўку і лагер, дзе таксама была ўкраінская мова. У нас цалкам памяняўся культурны кантэкст. Ён цяпер украінскіх песень ведае больш, чым беларускіх.

У Мішавым класе 28 чалавек, але беларускіх дзяцей няма. Пры гэтым ціску ў школе праз сваю нацыянальнасць сям'я не адчувае.

— У школе няма праблем, але, вядома, усе блокпасты нашы, таму што машына на беларускіх нумарах. Нядаўна мяне папрасілі напісаць пэўны дакумент, звязаны з маім грамадзянствам. Я ўспрымаю гэта абсалютна спакойна.

Хэйту больш у сацсетках. Адчуванне, што ты нейкі не такі, з'яўляецца, калі адкрываеш фэйсбук альбо калі ідзеш у дзяржустанову, дзе табе трэба паказаць пашпарт. Працэдур для беларусаў ніякіх няма і рашэнні залежаць ад канкрэтнага чалавека ў канкрэтным месцы. А ты не ведаеш: раптам гэты чалавек з Ірпеня і страціў кагосьці.

Ганнін ВНЖ / фота з Ганнінага архіва

Нядаўна Ганна падала дакументы на падаўжэнне ВНЖ — іх прынялі. Яшчэ ў яе ёсць дазвол на працу, але пэўнасці ўсё гэта дае мала.

— У мяне ёсць запасныя планы B, C, калі нешта пойдзе не так. Застанёмся мы ці з'едзем, залежыць не ад мяне, а ад украінскай бюракратыі. Гэта абсалютная латарэя.

Хоць сям'я палічыла б за лепшае застацца ва Украіне, сваёй тут Ганна сябе не адчувае.

— Я не так даўно на эміграцыі. І паўгода вайна. Адпаведна, амаль усе кантакты, якія паспелі завязацца, страчаныя. Не ведаю, што будзе далей. Калі беларускае войска зойдзе на тэрыторыю Украіны, зразумела, мы збіраемся і едзем. Стаўленне зменіцца вельмі хутка нават у тых, хто падзяляе рэжым і народ. Калі сітуацыя будзе тлець, як цяпер, то мы хутчэй застанёмся. Таму што пераезд гэта велізарны стрэс і для дзіцяці, і для дарослага чалавека. Пакуль жывём тут, працуем, плацім падаткі, дапамагаем грыўняй, — рэзюмуе Ганна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.