Замест Сікорскага і Більта Мінск наведалі шведскія і польскія дыпламаты

Еўрарадыё: Якая мэта вашага візіту ў Беларусь?

Тарб’ен Сульстрам: Гэта — частка больш шырокага візіту польска-шведскага ва ўсе краіны Усходняга партнёрства. Мы разам з нашымі міністрамі Сікорскім і Більдам ужо былі на гэтым тыдні ў трох больш прасунутых краінах-партнёрах — у Малдове, ва Украіне і ў Грузіі. А зараз мы, палітычныя дырэктары нашых МЗС, тут, бо Беларусь таксама краіна-партнёр Усходняга партнёрства. А Польшча і Швецыя — адны з ініцыятараў гэтай праграмы. І для нас было важна наведаць перад самітам у Вільні ўсе сталіцы краін-партнёраў. У Мінску мы сустрэліся з прадстаўніком беларускага МЗС (намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной. — заўв. Еўрарадыё), Адміністрацыі прэзідэнта (памочнікам прэзідэнта па знешняй палітыцы Валерыем Брыловым. — заўв. Еўрарадыё) і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці ды палітычнай апазіцыі.

Канешне, што тычыцца супрацоўніцтва з Беларуссю ў межах Усходняга партнёрства, існуюць даволі вялікія перашкоды. І найперш гэта звязана з наяўнасцю ў Беларусі палітычных зняволеных. Мы сказалі нашым суразмоўцам у Адміністрацыі і ў МЗС, што час прыбраць гэтую перашкоду і вызваліць палітзняволеных. І абмеркавалі магчымасць супрацоўніцтва. Ёсць “Дыялог па мадэрнізацыі Беларусі” — можна яго развіваць. Ёсць супрацоўніцтва ў шматбаковым парадку і ў межах Усходняга партнёрства, дзе актыўна ўдзельнічае Беларусь — мы гэта вітаем. Але для больш важных крокаў наперад у супрацоўніцтве з Еўрасаюзам і па-за межамі Усходняга партнёрства патрабуецца вызваленне палітзняволеных у Беларусі. І мы на гэта наўпрост указалі нашым суразмоўцам.

                           Тарб’ен Сульстрам

Яраслаў Браткевіч: Для нас вельмі важна было праверыць: наколькі на фоне тых вялікіх чаканняў, звязаных з самітам Усходняга партнёрства ў Вільні, магчымы працяг палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Асабліва з улікам таго, што адсутнасць дыялогу не з’яўляецца нейкім рашэннем. Мы як прафесіяналы працуем на тое, каб кантакты існавалі, каб была магчымасць абмену думкамі. Каб з дапамогай гэтага зразумець: чаму пазіцыя нашых партнёраў менавіта такая, а не іншая. І зараз мы правялі цікавыя сустрэчы, падчас якіх адкрыта казалі пра нашу пазіцыю, у тым ліку, наконт палітзняволеных. А ў адказ пачулі выказвання наконт таго, што пашыраецца магчымасць добрага палітычнага дыялогу, які можа аднавіць рух на іншых плоскасцях. Мы надаём вялікую ўвагу магчымасці людзей свабодна наведваць Еўропу — лічым, што гэта важны фактар, якія спрыяе стварэнню даверу. Па выніку — мы лічым, што нашы размовы паказваюць, што ёсць магчымасць для руху наперад і мы будзем нашым міністрам перадаваць адпаведныя рэкамендацыі.

Еўрарадыё: Што вам адказалі ў МЗС і прэзідэнцкай адміністрацыі наконт вызвалення палітзняволеных?

Тарб’ен Сульстрам: Мы сказалі, што вельмі спадзяемся на тое, што гэта будзе як мага хутчэй. Увогуле, мы б вельмі хацелі, каб гэта было зроблена даўным-даўно. Нам сказалі: “Працуем над гэтым пытаннем” .

Яраслаў Браткевіч: Мы канкрэтна сказалі, што сур’ёзнага прасоўвання адносінаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю не будзе без вызвалення гэтых грамадзян. Пакуль мы можам у нашых адносінах прасоўвацца наперад невялічкімі крокамі. Але калі мы хочам рухацца нармальна, то гэтая ўмова павінна быць выкананая. І я думаю, што гэта было дакладна зразумела нашымі суразмоўцамі. Увогуле, вельмі добрым крокам з боку Беларусі было б вызваліць палітзняволеных да саміту ў Вільні.

                                              Яраслаў Браткевіч

Тарб’ен Сульстрам: Мы будзем у гэтым пытанні настойлівымі, але не будзем дзейнічаць ультыматыўным парадкам. Мы хочам дыялогу, а дыялог выключае ўльтыматыўныя паводзіны. Але — мы не займаемся тут “тонкімі сігналамі”. Адзінае, што ўлічваецца, — вызваленне палітзняволеных. Вырашэнне гэтага пытання, справа.

                                                                                                         

Еўрарадыё: А калі такога вызвалення да саміту не адбудзецца — запрашэнне на саміт Усходняга партнёрства ў Беларусі часам не адбяруць?

Тарб’ен Сульстрам: Запрашэнне атрымала краіна — як партнёр. І мы спадзяемся, што яна адгукнецца пазітыўна на гэта запрашэнне.

Еўрарадыё: Ці абмяркоўвалася пытанне фармату ўдзелу Беларусі ў віленскім саміце: каго б ЕС там хацеў ад Беларусі бачыць, а каго — не?

Тарб’ен Сульстрам: Мы не абмяркоўвалі гэта. Гэта вырашаецца паміж прадстаўнікамі Еўрасаюза і краінай, якая старшынствуе зараз у ЕС, гаспадаром гэтага саміту ў Вільні.

Еўрарадыё: Ці стаў зразумелы лёс прапановы ЕС па змяншэнні кошту віз для беларусаў, на якую беларускія ўлады не адгукаюцца вось ужо два гады?

Яраслаў Браткевіч: Мы на гэта звярнулі ўвагу і спадзяемся, што нашы заўвагі былі ўспрынятыя правільна.

Тарб’ен Сульстрам: Еўрасаюз прапанаваў даўно беларускаму боку правесці перамовы па гэтым пытанні. Але да гэтага часу не атрымалі ад вашых уладаў “зялёнага святла” на правядзенне такіх перамоў. Мы сказалі, што гатовыя — чакаем.

Еўрарадыё: Ці верыце ў сапраўднае пацяпленне паміж Беларуссю і ЕС?

Тарб’ен Сульстрам: Я спадзяюся, што ў Беларусі будзе зроблена ўсё, што для гэтага неабходна.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі