Захад можа ўдарыць па ўлюбёнай галіне Лукашэнкі ў адказ на ядзерную зброю ў РБ

Гульні Лукашэнкі і Пуціна могуць скончыцца праблемамі ў сельскай гаспадарцы / Еўрарадыё
Гульні Лукашэнкі і Пуціна могуць скончыцца праблемамі ў сельскай гаспадарцы / Еўрарадыё

На Захадзе ідуць размовы пра тое, каб абмежаваць пастаўкі ў Беларусь тавараў, што дапамагаюць весці сельскую гаспадарку. Пра гэта са спасылкай на дыпламатаў паведаміў палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. Якіх яшчэ санкцый чакаць Беларусі? Ці пойдзе Захад на саступкі Пуціну? Сабралі для вас самае цікавае са стрыму Еўрарадыё.

На думку эксперта, да таго як у Беларусі з’явіцца ядзерная зброя, калектыўныя санкцыі наўрад ці будуць. Але некаторыя краіны, як, напрыклад, Польшча, могуць на гэта пайсці.

Даволі нелагічна караць за тое, што яшчэ не адбылося. Лагічней папужаць, каб гэтага не адбылося. Але Польшча нешта аднабакова можа зрабіць, вядома. Як яна рабіла з памежнымі пераходамі і як можа зрабіць з пунктамі пропуску яшчэ раз.

Нядаўна было інтэрв’ю Змітра Крука з BEROC. Ён даволі сцісла накідаў некалькі варыянтаў. Першае — гэта, вядома, далейшае абмежаванне руху праз Беларусь. То-бок абмежаванне чыгуначнага — гэтага яшчэ не рабілі — і аўтамабільнага руху ў Польшчу, Літву і Латвію. Гэта даволі балюча будзе для Беларусі, але і для азіяцкіх краін, якія гандлююць праз Беларусь, таксама.

Па-другое, я чуў, што ёсць яшчэ непадсанкцыйныя тавары ў галіне сельскай гаспадаркі. Мабыць, не ўгнаенні, бо іх у Беларусі хапае, а нешта, патрэбнае для таго, каб атрымліваць ураджай кожны год. І гэта не масіўныя аб’ёмы макраэканамічна, але яны вельмі важныя для сельскай гаспадаркі. Мне казалі заходнія дыпламаты, што глядзяць у гэты бок.

Эксперт нагадвае, што яшчэ не ўсе банкі ў Беларусі адключаныя ад міжнароднай сістэмы SWIFT. Могуць быць і персанальныя санкцыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі