Вы тут

Захад хоча адцягнуць увагу Расіі ад вайны перамовамі. Але ці супакоіцца Масква?

Вайна паміж Расіяй і Украінай — "слоўнае фехтаванне" або непазбежнасць? / instagram / patriot_donbasa

Наколькі рэальна тое, што трывожны рэжым чакання расійска-ўкраінскай вайны працягнецца і ў 2022 годзе? Аналітык, палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман лічыць, што такі сцэнар цалкам магчымы.

— Зусім не здаецца, што Масква рыхтуецца да таго, каб, такім чынам абвастрыўшы абстаноўку, узяць і сказаць "добра, хлопцы, мы блефавалі папраўдзе. Мы згодныя з вамі пагутарыць, нічога не атрымаць з нашых зносін і разысціся па дамах". Так гэта цяпер не выглядае, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Арцём Шрайбман. — Прапанова расійскага МЗС Захаду — паменшыць прысутнасць ва Усходняй Еўропе, не разгортваць новых узбраенняў і гэтак далей — зроблена такім чынам, каб у НАТА не было магчымасці сур'ёзна саступіць на такія патрабаванні, таму што яны занадта зневажальныя.

Ніхто не будзе перапісваць статут НАТА, каб Расію парадаваць. І Расія апублікавала іх такім чынам, каб у самой Масквы не было сур'ёзнай дарогі для адступлення. Масква гаворыць пра тое, што альбо так, альбо ніяк. Публікацыя такіх дакументаў — гэта беспрэцэдэнтная практыка ў дыпламатыі і абмеркаванні нейкіх дамоваў, публікацыя свайго праекта яшчэ да перамоў.

— Масква як бы кажа: мы ад гэтага не адступім, вы павінны гэта бачыць, — працягвае Арцём Шрайбман. — Усе аналітыкі ў сферы міжнародных адносін прыходзяць да думкі, што мэта Масквы не ў тым, каб падпісаць такую дамову. Мэта Масквы ў тым, каб скарыстацца прадказальнай адмовай Захаду гэта абмяркоўваць, каб пры гэтым зрабіць нешта іншае. Каб нейкім чынам дэстабілізаваць яшчэ раз Украіну, маючы легітымную нагоду на гэта з пункту гледжання расійскага электарату. Маўляў, нам адмовілі абмяркоўваць дамову, таму мы цяпер дзейнічаем іншымі метадамі.

Усе цяпер баяцца таго, які канкрэтна план "Б" у Расіі, да якога ўсё ідзе. Цяпер Захад спрабуе Расію нейкім чынам уцягнуць у перамоўную дрыгву.

Спроба будзе такая — нічога Расіі не саступіць, але па факце каб яна проста адышла ад сённяшняй фазы напружанасці. Ці досыць будзе Маскве гэтага — не ўпэўнены. Занадта высока яны паднялі стаўкі. Таму нейкая эскалацыя ў рэгіёне абсалютна магчымая.

Яна можа быць непасрэднай, на Данбасе. Не абавязкова рукамі Расіі, можна зрабіць рукамі сепаратыстаў. Альбо ў тым ліку можа быць з выкарыстаннем Беларусі. Не абавязкова акупаваць краіну.

Можна пачаць бразгаць зброяй на тэрыторыі Беларусі. Можна размяшчаць на ёй новае сур'ёзнае ўзбраенне, напрыклад "Іскандэры". Размясціць вайсковыя базы, больш войскаў на пастаяннай аснове, праводзіць пастаянныя правакацыйныя вучэнні на мяжы.

Можна прыдумаць мноства варыянтаў, як выкарыстоўваць Лукашэнку, які змяніўся і стаў абсалютна падатлівы. Які сам часам просіць гэтай эскалацыі: маўляў, размясціце ў мяне ядзерную зброю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.