За суткі УСУ выбілі расіян з 20 населеных пунктаў — 201-я раніца вайны

УСУ за пяць дзён вярнулі больш за 3000 квадратных кіламетраў тэрыторыі​ / facebook.com/GeneralStaff.ua 
УСУ за пяць дзён вярнулі больш за 3000 квадратных кіламетраў тэрыторыі​ / facebook.com/GeneralStaff.ua 

Украінскія войскі нанеслі Расіі буйную аператыўную паразу, адбіўшы амаль усю Харкаўскую вобласць у ходзе хуткага контрнаступлення, гаворыцца ў чарговай справаздачы Інстытута вывучэння вайны. Напярэдадні эксперты Інстытута пісалі, што за пяць дзён украінцы пацяснілі расіян у Харкаўскай вобласці на глыбіню да 70 кіламетраў і захапілі больш за 3000 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Гэта больш, чым расійскія войскі захапілі за ўсе свае аперацыі з красавіка. Вызваленыя Балаклея, Купінск і Ізюм. "Вяртанне Украінай Ізюма паклала канец перспектыве таго, што Расія можа дасягнуць сваіх заяўленых мэтаў у Данецкай вобласці", адзначылі экперты. Больш таго, яны лічаць, што "Украіна пераламала ход гэтай вайны ў сваю карысць. Кіеў, верагодна, будзе ўсё больш дыктаваць месца і характар асноўных баявых дзеянняў, і Расія будзе ўсё больш неадэкватна рэагаваць на рост фізічнага і псіхалагічнага ціску з боку Украіны падчас наступных вайсковых кампаній, калі Масква не знойдзе які-небудзь спосаб вярнуць ініцыятыву".

Раней эксперты Інстытута пісалі, што "па стане на 10 верасня расійскія войскі, верагодна, больш не ўтрымліваюць ўсю Луганскую вобласць". Яны мяркуюць, што ўкраінскія сілы, верагодна, паміж 4 і 10 верасня захапілі Белагораўку.

Расійскія вайскоўцы і іх сем'і сышлі і з горада Сватава Луганскай вобласці, там засталіся толькі салдаты так званага "народнага апалчэння" з ліку мясцовых жыхароў. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Усяго ж, па дадзеных украінскага Генштаба, за суткі ўкраінскія вайскоўцы змаглі "выбіць ворага з больш чым дваццаці населеных пунктаў", ідзе узяцце іх пад поўны кантроль.

За сутки ВСУ выбили россиян из 20 населенных пунктов — 201-е утро войны
Змена сітуацыі на фронце ў Харкаўскай вобласці па стане на вечар 11 верасня 2022 года / understandingwar.org

Ва ўкраінскім Генштабе падкрэсліваюць, што пагроза ўдараў захоўваецца па ўсёй тэрыторыі Украіны. За мінулыя суткі праціўнік нанёс 18 ракетных і 39 авіяўдараў па ваенных і грамадзянскіх аб'ектах. Пацярпелі больш за 30 населеных пунктаў. Быў нанесены ракетны ўдар па Харкаўскай ЦЭС і шэрагу аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ў іншых рэгіёнах краіны. Без святла на час засталіся гарады і пасёлкі Харкаўскай, Днепрапятроўскай, Сумскай, Палтаўскай абласцей.

Электразабеспячэнне ў Харкаўскай вобласці адноўлена ў большасці населеных пунктаў, заявіў раніцай кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў. Але ў выніку ўдару па "аб'екту крытычнай інфраструктуры" загінулі два работнікі. Яшчэ двое атрымалі раненні ў выніку аналагічнай атакі ў Чугуеўскім раёне вобласці.

Адна з ракет трапіла ў жылы дом у Харкаве. Дом часткова разбураны, адзін чалавек загінуў, двое пацярпелі. "Водазабеспячэнне ў Харкаве ўначы было адноўлена. Метро і наземны электратранспарт працуюць у штатным рэжыме", паведаміў раніцай мэр горада Ігар Церахаў.

Ноччу расіяне білі з "Ураганаў", "Градаў" і цяжкай артылерыі па Нікапальскім і Крыварожскім раёнах Днепрапятроўскай вобласці. У адным выпадку пашкоджаныя прыватныя дамы, ліцэй і электрасеткі, у другім — дома і газаправод. Людзі не пацярпелі, распавёў кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.

За сутки ВСУ выбили россиян из 20 населенных пунктов — 201-е утро войны
Спасатели борются с огнем на ТЭС / @dsns_telegram

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў вячэрнія абстрэлы расійскіх войскаў па грамадзянскіх аб'ектах крытычнай інфраструктуры ва Украіне тэрарыстычным актам. Пра гэта ён напісаў у сацсетках.

"Вы да гэтага часу думаеце, што зможаце нас напалохаць, зламаць, схіліць да саступак? Вы сапраўды так нічога і не зразумелі? Не зразумелі, хто мы? За што мы? Аб чым мы? [...] Холад, голад, змрок і смага — для нас не так страшна і смяротна, як вашы "сяброўства і братэрства", — заявіў Зяленскі.

Ён дадаў, што Украіна будзе з газам, святлом, вадой і ежай і без Расіі.

А ў традыцыйным звароце Зяленскі падвёў вынікі 200 дзён поўнамаштабнай вайны. Ён падзякаваў украінскім абаронцам і адзначыў, што ўкраінцам за гэты час нямала ўдалося. Але "самае важнае, а таму самае цяжкае — наперадзе".

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін даручыў дзяржаўным карпарацыям і алігархам ствараць прыватныя вайсковыя кампаніі для ўзмацнення ўзброенай агрэсіі супраць Украіны і "новага этапу" вайны. Пра гэта піша ўплывовы журналіст-даследчык Хрыста Грозеў у Twitter. Паводле ягоных звестак, Пуцін хоча пачаць "новы этап баёў" у кастрычніку.

"Ён кажа, што ўсё з-за карупцыі і некампетэнтнасці ў арміі ("наймітаў падманулі з заробкам"). Але зноў жа вельмі аптымістычна, кажа, што кожнай дзяржаўнай карпарацыі і алігарху загадана стварыць уласную ПВК для "новага этапу ў кастрычніку", – напісаў Грозеў.

Грэцыя не будзе перадаваць Украіне зенітна-ракетныя комплексы С-300. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр гэтай краіны Кірыакас Міцатакіс. Сваю пазіцыю ён патлумачыў тым, што Афіны гатовыя падтрымліваць Украіну, але не могуць аслабляць абарону Грэцыі. Краіна гатовая аддаць Кіеву старыя грэчаскія БМП - 1 пры замене іх нямецкімі бронемашынамі тыпу Marder1A3. Перамовы па гэтым пытанні яшчэ ідуць, піша Protothema.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі