За пранікненне на дахі шматпавярховікаў пагражаюць крымінальнай адказнасцю
![За пранікненне на дахі шматпавярховікаў пагражаюць крымінальнай адказнасцю](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/edefb28aa156f24d1de8d45a322816c3.jpg.webp?itok=dAZGhBqM)
У Мінску камунальнікі папярэджваюць пра крымінальную адказнасць за пранікненне на дахі шматпавярховых дамоў. Яны пішуць, што "часцяком моладзь шукае месца, дзе б ім добра правесці час з прыгожымі краявідамі і зрабіць незабыўнае сэлфі", і некаторыя выбіраюць дахі. "Узбірацца на дахі шматкватэрных жылых дамоў незаконна і за гэтым можа рушыць услед пакаранне", — працягваюць сталічныя камунальнікі.
Гарышчы і іншыя тэхнічныя памяшканні шматкватэрных жылых дамоў "з’яўляюцца зонамі падвышанай небяспекі", таму іх дзверы павінны быць зачыненыя на замок. Уваход у гэтыя месцы пабочным асобам забаронены. Камунальнікі падкрэсліваюць, што калі ёсць доказы (зламаныя дзверы ці замок), зламыснікі трапляюць пад крымінальную адказнасць (артыкул — "Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне маёмасці").
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.