За паходы ў паліклініку дзяржава зможа спагнаць 51 мільён долараў у год

"Неабходна правесці глыбокую сістэмную аптымізацыю, істотна перагледзець падставы для выкліку лекараў, наведвання паліклінік, выкліку хуткай меддапамогі. Усе рашэнні па гэтым пытанні трэба падрыхтаваць і прыняць на працягу паўгода", — перадае БелТА словы віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка падчас нарады ў міністэрстве аховы здароўя.

Два гады таму Анатоль Тозік прапаноўвае плаціць за тэрапеўта ў паліклініцы 5 тысяч рублёў, каб зменшыць чэргі. Інавацыю тую не ўвялі.

У 6-й мінскай паліклініцы займаем чаргу: даведваемся, ці саспелі пацыенты, каб разкашэльвацца на лекараў.

“Плаціць за паліклініку? У мяне толькі мільён на лекі сыходзіць. Вось, глядзіце: гэты прэпарат каштуе 80 тысяч, гэтыя кроплі — 100”, — падлічвае разам з Еўрарадыё пенсіянерка Зінаіда Уладзіміраўна, якую сустракаю ў чарзе да тэрапеўта.

Апоўдні 30-га студзеня людзей тут няшмат: 6 чалавек у чарзе да тэрапеўта, столькі ж у кабінет прафагляду. Можа, не пайшлі ў мароз, бо на вуліцы -21.

“Можна і заплаціць, але трэба тады і лекараў мяняць, каб ведаць, за што плаціш. Бо пры такой бясплатнай медыцыне — ну яго!” — расказвае у чарзе маладая жанчына Яўгенія, якая прыйшла да тэрапеўта.

Сяброўка Кацярына яе падтрымлівае:

“Калі ў прыватным цэнтры візіт каштуе 80 тысяч, то могуць зрабіць у дзяржаўнай 40. Ім таксама патрэбна, каб развівацца. Бо цяпер гэта жах!” — даводзіць жанчына.

“Я гатовы плаціць 50 тысяч спакойна. Бо многія ж цяпер выклікаюць лекара пагаварыць. А калі ўсе гэтыя грошы пойдуць у ахову здароўя, будзе няблага”, — падсумоўвае хлопец Аляксандр. Сам працуе ў… медыцыне, а ў паліклініку прыйшоў па даведку.

А вось жанчыны сярэдняга ўзросту, якія прыйшлі да тэрапеўта, плаціць не гатовыя: “Няхай спачатку заробак уздымуць, а то і так, паўсюль плаці ды плаці”.

Пакуль размаўляю з наведвальнікамі, у рэгістратуры разгараецца міні-скандал. Жанчына, якая прывяла ў паліклініку бабулю сварыцца з супрацоўніцай, бо тая не ветліва адказала.

У адміністрацыі паліклінікі, дзе яшчэ два гады таму добра ўспрымалі ініцыятыву віцэ-прэм’ера і скардзіліся, што “многія ходзяць да лекараў пагаварыць”, цяпер толькі плячыма паціскаюць:

“Гэта не наша кампетэнцыя, Анатолю Тозіку гэта і вырашаць, мы яго каментаваць не будзем”.

За 2012 год да лекараў беларусы хадзілі 98 мільёнаў разоў, гэта за выняткам дантыстаў, публікуюць статыстыку на сайце Мінздароўя. Калі з усіх узяць “Тозікавыя 5 тысяч”, атрымліваем 51 мільён долараў за год. Да лекараў хуткай дапамогі за 2012 год звярталіся 3 мільёны разоў — амаль кожны трэці беларус.

Фота: nauka21vek.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі