За падатковы манеўр Беларусь спадзявалася атрымаць $310 млн кампенсацыі

За падатковы манеўр Беларусь спадзявалася атрымаць $310 млн кампенсацыі

Беларусь разлічвала атрымаць ад Расіі каля 310 мільёнаў долараў як кампенсацыю за падатковы манеўр у 2019 годзе. Такую лічбу назваў віцэ-прэм'ер Ігар Ляшэнка, інфармуе БЕЛТА.

Па яго словах, гэтая сума раўняецца стратам ад падатковага манеўру. "Пры барэлі 60 долараў — гэта каля 310-315 мільёнаў долараў", — патлумачыў чыноўнік. 

Але Расія, як заявіў Ляшэнка, не пацвердзіла ні факт механізму, ні выкананне абавязанняў, ні кампенсацыі. Афіцыйны Крэмль адмовіўся ад абмеркавання гэтага пытання і не прапанаваў альтэрнатыўных варыянтаў, падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Напярэдадні ў Брэсце адбыліся перамовы са старшынёй расійскага ўрада Дзмітрыем Мядзведзевым. У выніку гэтай размовы стала відавочна, што Мінск і Масква па-рознаму глядзяць на сітуацыю. 

Ляшэнка падкрэсліў, што беларускі падыход справядлівы і заснаваны на еўразійскай дамове, дзе прапісана, што для краін-удзельніц павінныя стварацца роўныя ўмовы. "Калі кампенсацыя будзе датычыць толькі расійскіх прадпрыемстваў, а перад намі не выконваюцца абавязацельствы і рэалізуецца падатковы манеўр, то як мы — урад — можам глядзець на грамадзян сваёй дзяржавы", — патлумачыў ён. Менавіта гэтае пытанне стала прычынай таго, што эмоцыі, па словах віцэ-прэм'ера, проста зашкальваюць.

Чыноўнік дадаў, што Беларусь нічога не просіць і не патрабуе, але настойвае на тым, каб выконваўся пакетны прынцып дамоўленасцяў па ЕАЭС. Перамовы пра гэтыя разлікі вяліся са жніўня. Але напрыканцы лістапада, па словах Ляшэнкі, расійскі ўрад заняў крайнюю пазіцыю і памяняў рыторыку. 

Ён выказаў надзею на тое, што Мінску і Маскве ўсё ж удасца знайсці справядлівае рашэнне.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 14.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі