Вы тут

За крадзеж на 17 капеек работніцу з 27-гадовым стажам звольнілі з БМЗ

Вольга Шукайла, TUT.by

Дваіх работнікаў звольнілі з Беларускага металургічнага завода за крадзеж, паведаміла ў сацсетках адміністрацыя прадпрыемства. 

Майстар з 10-гадовым стажам спрабаваў скрасці лімонную кіслату вагой 1260 грамаў на суму 2 рублі 51 капейку. 

Аператара, якая мае стаж працы ў 27 гадоў, звольнілі за спробу вынесці ў сваёй сумачцы 250 мл мыйнага сродку на 17 капеек.

У адміністрацыі завода парталу TUT.by патлумачылі, што ўсе работнікі папярэджаныя: красці нельга. 

"Гэта ў нас і ў калектыўным дагаворы прапісана, і пры прыёме на працу мы разам з уводным інструктажам тлумачым, што, калі работнік здзейсніў крадзеж, гэта з'яўляецца падставай для спынення працоўных адносін. І потым — гэта ж не мы даём ацэнку дзеянням, а суд. У дадзеным выпадку ёсць судовае рашэнне па адміністрацыйным пратаколе, здзейснены крадзеж, асоба прызналася, віна даказаная — трэба звальняць", — кажа намеснік гендырэктара па персанале і ідэалагічнай рабоце Андрэй Кулакоўскі.

За год на БМЗ на крадзяжах трапляецца каля дзесяці чалавек. Усіх іх, кажуць у адміністрацыі, звальняюць, не зважаючы на пасады, стаж і заслугі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.