За грошы парушальнікаў вуліцы “нашпігуюць” камерамі відэафіксацыі

І штрафаваць на падставе зробленых гэтымі камерамі фотаздымкаў парушэння. Сума штрафу — адна базавая.



Такі законапраект прэзентавалі 10 красавіка дэпутатам парламента намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка і начальнік рэспубліканскай ДАІ Юрый Літвін. Дэпутаты, дарэчы, проста закідалі прадстаўнікоў МУС пытаннямі. Да прыкладу, што робіцца для таго, каб людзям было дзе паркавацца, не парушаючы правілы?



“Сапраўды, — пагаджаецца намеснік міністра Мікалай Мельчанка, — у Мінску звыш 800 тысяч транспартных сродкаў з улікам матацыклаў. І забяспечаныя яны парковачнымі месцамі дзесьці толькі на 50%, а то і таго менш. Пытанне адказнасці за паркоўку ў неналежным месцы павінна вырашацца ў комплексе са стварэннем новых месцаў для паркоўкі. І мы працуем у гэтым накірунку, паверце мне!”.



Маўляў, давайце сёння прымем законапраект у першым чытанні, праз пэўны час — у другім, а з паркоўкамі будзем нешта думаць. Такі падыход абурае дэпутата Уладзіслава Цыдзіка.



Уладзіслаў Цыдзік: “Уявім, што мы сёння 120 тысяч такіх парушальнікаў злавілі, а ў той жа час парковачных месцаў будзе толькі 60 тысяч. І што рабіць грамадзяніну сумленнаму? Вы што, хочаце сказаць, што ўсе грамадзяне хочуць парушаць?!”.



Які сэнс казаць пра тое, што над стварэннем новых парковачных месцаў “мы працуем”, калі час іх стварэння невядомы, а штрафаваць прапануецца ўжо зараз? Гэта пытанне дэпутаты задаюць у лоб намесніку міністра. Той не мае што адказаць. Сітуацыю ратуе спікер парламенту: просіць дэпутатаў не насядаць на прадстаўнікоў МУС — законапраект жа разглядаецца толькі ў першым чытанні…



Па заканчэнні слухання Еўрарадыё цікавіцца ў начальніка рэспубліканскай ДАІ Юрыя Літвіна, ці вызначаныя ўжо месцы, дзе будуць “антыстаяначныя” камеры. Уцямнага адказу з канкрэтнай лічбай не атрымліваем.



Юрый Літвін: "Зразумела, будзе ахоплена цэнтральная частка горада з магістральнымі праспектамі. Жылыя зоны не плануем камерамі забяспечваць".

                                   Юрый Літвін



Але ці хопіць грошай на тое, каб набыць столькі фота- і відэафіксатараў? І тут нечакана высвятляецца, што набываць іх няма патрэбы.



Мікалай Мельчанка: “Ёсць аўстрыйская фірма, па рашэнні кіраўніка краіны мы заключылі з ёй інвест-дамову, і яна абсталёўвае нашы дарогі сродкамі відэафіксацыі правапарушэнняў”.



Паставіла аўстрыйская фірма гэта абсталяванне не за прыгожыя вочы. Як тлумачыць Юрый Літвін, за сваю тэхніку фірма мае… адсотак з нашых штрафаў!



Юрый Літвін: “Усё, што прадугледжваецца інвест-дамовай, выконваецца. Але колькі там (адсоткаў ад кожнага штрафу пералічваецца на рахунак фірмы-пастаўшчыка абсталявання. — заўв. Еўрарадыё) — я, на жаль, не памятаю”.

Гэта навіна проста агаломшыла аднаго з парламентарыяў.



Дэпутат: Гэта ж бюджэтныя сродкі, якія ў прыбытковай частцы бюджэту прадугледжаныя! І ёсць прававы акт, які дазваляе гэта рабіць?!



Мікалай Мельчанка: Канешне.



Дэпутат: Дзякуй, цікава…



Такім чынам, ёсць абраная невядомым чынам фірма, якая ў хуткім часе можа атрымаць буйны заказ на сваё абсталяванне. Без усялякага тэндара. Аплачваць прадукцыю гэтай фірмы будуць штрафамі. З іншага боку, калі не паркавацца дзе не трэба і не перавышаць хуткасць, то, можа, і за камеры плаціць не давядзецца.



Дарэчы, колькасць перавышэнняў хуткасці ў 2013 годзе вырасла на 55% у параўнанні з 2012 годам. І ўсё гэта за кошт парушэнняў, зафіксаваных фотарадарамі. Іх стала больш за год у чатыры разы!

Фота: Змітра Лукашука, auto.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі