За год парыжскі Дыснэйлэнд згубіў мільён наведвальнікаў

Парыжскі Дыснэйлэнд усё часцей і часцей трапляе пад агонь СМІ. Адным з апошніх яго крытыкуе нямецкі Der Spiegel, які сцвярджае, што “еўрапейскае магічнае каралеўства страчвае сваю магію”.

Der Spiegel: “Парыжскі Дыснэйлэнд губляе мільёны долараў, нягледзячы на неверагодную колькасць наведвальнікаў. Жорсткая праграма зніжэння выдаткаў рэалізуецца кіраўніком Філіпам Газам, якая сее незадаволенасць сярод гасцей і супрацоўнікаў”.

Госці вырашылі ратаваць парк петыцыяй. На цяперашні момант сабрана амаль 7700 подпісаў у звароце да кіраўніка Walt Disney Боба Айгера, які валодае 40% акцый парыжскага Дыснэйлэнда. У тэксце петыцыі гаворыцца пра нізкую якасць харчавання, зламаныя атракцыёны і недахоп канцэртаў. У той час як супрацоўнікі парка змагаюцца з не самымі лепшымі ўмовамі па-свойму: адзін з іх спрабаваў забіць сябе пасля сустрэчы с кіраўніцтвам. У 2010 годзе яшчэ два супрацоўнікі пакончылі з сабой, і адзін з іх пакінуў запіску: “Не хачу вяртацца да Мікі”.

Тым не менш Дыснэйлэнд застаецца буйнейшым турыстычным цэнтрам у Еўропе. За апошні год яго наведалі 15 мільёнаў чалавек — больш, чым Эйфелеву вежу і Луўр разам узятыя. Але дынаміка наведвальнасці не ўсяляе аптымізму.

“Парыжскі Дыснэйлэнд сабраў на мільён чалавек менш у параўнанні з мінулым годам, бо, як сцвярджае аператар Euro Disney, даўгавы крызіс у Еўропе б’е па турыстычным сектары. Таксама адзначаецца змяншэнне на 105 тысяч ложка-сутак, арандаваных у гатэлі тэматычнага парка”, — піша “Франс Прэс”.

У цяперашняй сітуацыі еўрапейскі парк атракцыёнаў нават і блізка не падобны да Дыснэйлэнда ў Фларыдзе, дзе ўтрая больш атракцыёнаў і лепшае надвор’е. Разам з тым, здаецца, амерыканскія акцыянеры працягваюць верыць у свой еўрапейскі філіял. А на амерыканцаў у сваю чаргу спадзяюцца фанаты парыжскага парку, у тым ліку і Гільям Галант, які ініцыяваў петыцыю.

Гільям Галант: “Адказ спадара Айгера стаў бы магчымасцю для Disney паказаць, што яны клапоцяцца не толькі аб гасцях, але і аб сваіх паслугах і іміджы брэнду ў Еўропе”.

Парыжскі Дыснэйлэнд быў адкрыты ў 1992 годзе. З таго моманту парк часцей быў у мінусе, чым у плюсе, а за апошнія пяць гадоў згубіў 78 мільёнаў еўра.

Фота: thebestofwdw.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі