Вы тут

За дзень расіяне абстрэльваюць Аўдзееўку да 20 разоў — 162-я раніца вайны

Наступствы абстрэлу ў Харкаўскай вобласці​ / @UA_National_Police

Беларускія вайскоўцы ўзмацнілі ахову мяжы з Украінай, паведамляе раніцай у чацвер Генштаб украінскіх УС. Акрамя таго, "у частках сіл спецыяльных аперацый УС Беларусі адзначана правядзенне праверкі баявой гатоўнасці". А раней, нагадаем, з'явілася інфармацыя, што Беларусь разгортвае на мяжы з Украінай комплексы радыёэлектроннай барацьбы. Улады Ровенскай вобласці пачалі рыхтаваць план эвакуацыі людзей на выпадак уварвання з тэрыторыі нашай краіны. Пра гэта напярэдадні распавядаў рэсурсу "Суспільне" першы намеснік начальніка абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Падолін.

Асноўныя баі па-ранейшаму ідуць на Данбасе. "Расійскія войскі ў мінулыя суткі правялі абмежаваны наземны наступ на паўночны захад ад Славянска і працягнулі спробы прасунуцца на Бахмут з паўночнага ўсходу, усходу і паўднёвага ўсходу", адзначаюць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны.

Расіяне таксама спрабуюць у лоб штурмаваць Аўдзееўку. Горад ужо некалькі дзён запар знаходзіцца пад шквальным агнём. І там па-ранейшаму застаюцца людзі — каля 2,5 тысяч чалавек ( гэта 10% ад даваеннай колькасці насельніцтва). Пра гэта распавёў "Радыё Свабода" начальнік гарадской ваеннай адміністрацыі Віталь Барабаш.

"Некалькі дзён запар вораг не спыняе спробаў наступу на горад. Усё пад прыкрыццём артылерыі, авіяцыі. Практычна кожны дзень б'е авіяцыя. Працуюць з усіх сістэм артылерыі, якія толькі ёсць у наяўнасці. Выкарыстоўваюць "Сонцапёкі", ракеты"Іскандэр". Ужываюць дыстанцыйнае мінаванне", — кажа ён.

За суткі, па словах Барабаша, расіяне абстрэльваюць горад да 20 разоў. Людзі жывуць у жудасных умовах — без вады, газу і электрычнасці.

Аўдзееўка / фота з сацсетак

Расіяне напярэдадні спрабавалі штурмаваць і ў Херсонскай вобласці, а УСУ са свайго боку нанесла два ўдары па расійскіх апорных пунктах у раёнах населеных пунктаў Благадатнае і Праўдзіна. Пра гэта паведамляе " Громадське "са спасылкай на аператыўнае камандаванне "Поўдзень".

УНІАН раніцай у чацвер піша пра выбухі Херсоне і вобласці — на тэрыторыі, якая знаходзіцца пад кантролем расіян. "Паводле непацверджанай інфармацыі, ёсць "прылёты" ў раёне Антонаўскага чыгуначнага моста", адзначае агенцтва

На тэрыторыі, якую кантралюе Украіна, мінулай ноччу выбухі гучалі ў Мікалаеве (пад абстрэлы трапілі два раёны горада), Харкаве і Нікапале. Папярэдне, абышлося без пацярпелых.

Расія выкарыстоўвае Запарожскую АЭС для запалохвання Захаду. Пра гэта таксама пішуць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

"Расійскія войскі, размешчаныя вакол АЭС, атакавалі ўкраінскія пазіцыі ў Нікапале і іншых месцах у апошнія тыдні, наўмысна паставіўшы Украіну ў цяжкае становішча – альбо Украіна адкажа агнём, рызыкуючы міжнародным асуджэннем і ядзерным інцыдэнтам (што ўкраінскія сілы наўрад ці зробяць), альбо ўкраінскія сілы дазваляюць расійскім сілам працягваць абстрэл украінскіх пазіцый з эфектыўнай "бяспечнай зоны",  — гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны

Раней аб гэтай сумнеўнай тактыцы расіян ужо казаў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Запарожская АЭС знаходзіцца пад кантролем УС РФ / АР/ТАСС

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі хоча наўпрост пагаварыць з лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. Ён разьлічвае пераканаць Пекін паўплываць на Расію —прымусіць яе спыніць вайну.

"Я хацеў бы пагаварыць напрамую.У мяне была адна  размова з Сі Цзіньпінам год таму. Пасля 24 лютага мы афіцыйна прасілі аб размове з Кітаем, але ў нас яе не было. Хоць я лічу, што гэта было б карысна",заявіў украінскі прэзідэнт у інтэрв'ю выданню South China Morning Post.

Зяленскі таксама спадзяецца, што Кітай далучыцца да іншых краін, каб падтрымаць аднаўленне Украіны.

Аб няўдачы, якую пацярпела архітэктура глабальнай бяспекі, Зяленскі казаў у сваім традыцыйным звароце.

"Спачатку Балканы, потым Тайвань, цяпер можа быць Каўказ... Усе гэтыя сітуацыі здаюцца рознымі, але аб'ядноўвае адно", — адзначыў ён. На яго думку, калі б сістэма працавала, усіх гэтых канфліктаў, у тым ліку і ва Украіне, не было б. "Расія цалкам ігнаруе міжнароднае права, інтарэсы чалавецтва як такія", адзначыў ён.

У Міжнародным Камітэце Чырвонага Крыжа пракаментавалі смерць украінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы. Там кажуць, што не гарантавалі бяспеку байцоў, якія выходзілі з камбіната "Азоўсталь" у Марыупалі. З іх боку гаворка ішла толькі аб гарантыях толькі бяспечнага выхаду.

"Мы не гарантавалі бяспеку ваеннапалонных, якія трапілі ў рукі ворага, таму што гэта не ў нашых сілах. Мы загадзя растлумачылі гэта бакам", — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

У МКЧК падкрэслілі, што "толькі бакі канфлікту могуць канчаткова забяспечыць бяспеку ваеннапалонных". Прадстаўнікі арганізацыі наведвалі некаторых ваеннапалонных, але доступу да ўсіх, у тым ліку тых, якія ўтрымліваліся ў Аленаўцы, у іх не было. І пра гэта таксама казалася публічна.

Нагадаем, у ноч на 29 ліпеня на тэрыторыі былой выпраўленчай калоніі ў Аленаўцы (частка Данецкай вобласці, якая знаходзіцца пад кантролем расіян) прагрымеў выбух. Загінула больш за 50 украінскіх байцоў, колькасць параненых невядомая. Расія абвінаваціла ў выбуху Узброеныя сілы Украіны. Украінскія сілавыя структуры мяркуюць, што выбух у Аленаўцы зладзіў расійскі бок. Да версіі, што выбух зладзіла Расія, схіляюцца і эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.