За дапамогу парушальнікам польска-беларускай мяжы затрыманыя паляк і ўкраінец

З-за сітуацыі з мігрантамі Польшча ўвяла на мяжы з Беларуссю надзвычайнае становішча​ / Reuters 
З-за сітуацыі з мігрантамі Польшча ўвяла на мяжы з Беларуссю надзвычайнае становішча​ / Reuters 

Больш за 200 нелегальных мігрантаў спрабавалі ўчора незаконна патрапіць у ЕС праз беларуска-польскую мяжу. Большасць з іх не ўпусцілі на тэрыторыю Польшчы.

Усяго мінулай ноччу памежнікі "зафіксавалі 220 спроб незаконнага перасячэння мяжы", паведамілі ў польскай памежнай службе. Затрыманыя 14 чалавек: 9 — гэта грамадзяне Турцыі, астатнія — выхадцы з Ірака і Руанды. Астатніх развярнулі назад у Беларусь.

У памежнай службе таксама распавялі, што за дапамогу нелегальным мігрантам учора былі затрыманыя два чалавекі — грамадзянін Польшчы і грамадзянін Украіны.

Напярэдадні кіраўнік польскага ўрада Матэвуш Маравецкі, каментуючы сітуацыю на польска-беларускай мяжы, адзначыў, што колькасць незаконных спроб перасячэння беларуска-польскай мяжы пастаянна расце. І гэта, па яго словах, не выпадковая сітуацыя, а арганізаваная акцыя. Толькі ў верасні польскія памежнікі зафіксавалі амаль 4 тысячы спроб нелегальнага перасячэння мяжы. Гэта ўжо нашмат больш, чым у жніўні, а верасень яшчэ не скончыўся.

"Увогуле ў жніўні-верасні было зафіксавана 7 тыс. такіх выпадкаў. Гэта кажа аб тым, што мы маем справу з маштабнай акцыяй, арганізаванай і добра спланаванай ў Мінску і Маскве", — заявіў напярэдадні польскі прэм'ер.

На літоўска-беларускай мяжы таксама захоўваецца напружаная сітуацыя. За мінулыя суткі літоўскія памежнікі развярнулі 20 нелегальных мігрантаў. У Літву ў гэтым годзе праз мяжу з Беларуссю трапіла больш за 4,1 тысячы мігрантаў, пераважна з Ірака. Для параўнання — у мінулым годзе на гэтым участку мяжы быў затрыманы ўяго 81 мігрант. Праз вялікую плынь нелегалаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС з тэрыторыі Беларусі, Латвія, Літва і Польшча ўвялі на мяжы надзвычайнае становішча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі