За "цынічныя надпісы" на доме АМАПа мінчука пакаралі вялікім штрафам

"Цынічныя надпісы", за якія аштрафавалі на 5400 рублёў / прэс-служба МУС​
"Цынічныя надпісы", за якія аштрафавалі на 5400 рублёў / прэс-служба МУС​

25-гадовы мінчук Герман Кузняцоў стаў фігурантам крымінальнай справы за тое, што зрабіў два надпісы на сцяне дома па вуліцы Герояў 120-й дывізіі ў Мінску, дзе жывуць супрацоўнікі АМАП, і на трансфарматарнай будцы каля базы сілавікоў. Улада палічыла, што надпісы "цынічныя", і ў дачыненні да хлопца была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Адзін з надпісаў гучаў так: "АМАПаўцы, на працы гвалтаваць, дома (закрэслена "забіваць") цалаваць".

"Хацеў зрабіць нейкую гульню слоў", — патлумачыў гэты надпіс Кузняцоў. Затрымалі яго, калі ён заканчваў рабіць другі надпіс. З дома, па яго словах, выбеглі "дужыя хлопцы" і пагналіся за ім. Уцячы ён не змог. Пры затрыманні, кажа, яго "моцна не білі".

У матэрыялах справы ёсць таксама інфармацыя, што на ровары Германа была выяўленая бутэлька з мачой. Ён запярэчыў: нічога такога з сабой не было. Была гарбата ў бутэльцы. "Можа, ён стаяў месяц у следчага, і з'явіўся пах. Але з сабой я браў гарбату", — настойвае хлопец. Ягоныя словы прыводзіць сайт праваабаронцаў.

Віну сваю Кузняцоў прызнаў, пры гэтым адзначыў: "Я, вядома, парушыў закон, але з іншага боку, не лічу ўсё ж такі, што здзейсніў больш чым адміністрацыйнае правапарушэнне. Але, напэўна, праз палітычную сітуацыю супраць мяне распачалі крымінальную справу". 

Пракурор прасіў суд пакараць Кузняцова месяцам арышту, але суд абраў штраф — 200 базавых велічынь, або 5400 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі