За апраўдальны прысуд суддзю не караюць, а да следчага “меры прымаюцца”

За апраўдальны прысуд суддзю не караюць, а да следчага “меры прымаюцца”

У першай палове 2017 года суды вынеслі 36 апраўдальных прысудаў. Сярод іх 2 чалавекі былі прызнаныя невінаватымі ў забойстве, адзін ― у гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да міліцыянера.

У той жа час апраўдальных прысудаў у Беларусі ўсяго 0,7%. І калі, да прыкладу, у 2012 годзе апраўданыя былі 324 чалавекі, то за палову 2017 года ― 36 чалавек. Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч дае сваё тлумачэнне гэтаму.

“З утварэннем Следчага камітэта ў суды стала паступаць менш спраў з даказальнай базай 50 на 50. Калі судовая перспектыва справы яшчэ на стадыі накіравання ў суд пралічвалася шмат у якіх выпадках вельмі слаба. Таму, скарачэнне колькасці апраўдальных прысудаў ― гэта працэс натуральны. Асабліва, калі ўлічыць, што каля чвэрці крымінальных спраў, што паступаюць у суд, маюць прызнанне абвінавачаным сваёй віны. Пры тым, што цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы складаюць 10-12% ад агульнай лічбы разгледжаных судамі спраў, то гэтая лічба (0,7% апраўдальных прысудаў. ― Еўрарадыё) падаецца мне рэальнай. У суды другой інстанцыі па крымінальнай справе трапляе не больш за 20% прысудаў. Астатнія проста не абскарджваюцца і не апратэстоўваюцца ― з імі згодныя”.

 

За апраўдальны прысуд суддзю ніякім чынам не караюць

 

― Сам факт апраўдальнага прысуду не можа за сабой цягнуць дысцыплінарную адказнасць суддзі. І гэта правіла вытрымліваецца вельмі жорстка. Якія меры прымаюцца да следчых і пракурораў, якія адправілі ў суд справу, якая завяршылася вынясеннем апраўдальнага прысуду… Наколькі я ведаю, меры прымаюцца. І гэта правільна, бо следчая памылка мае негатыўныя наступствы і для асобы, і для яго блізкіх людзей.

 

Пра асвятленне судовых працэсаў у сацсетках

 

Часам прыёмы і падыходы пры асвятленні судовых спраў не прафесійнымі журналістамі, а тымі, хто гэта робіць у сацыяльных сетках, не дапамагаюць, а перашкаджаюць ажыццяўляцца правасуддзю. Бо непазбежна выклікаюць нездаровую цікаўнасць да некаторых абставінаў справы, а часам і ўвогуле да фактаў з асабістага жыцця ўдзельнікаў працэсу, якія выхаваны чалавек трымаў у сакрэце, нават калі б пра іх і даведаўся.

 

Пра дакументы па “справе Даната” (хлопца, якога асудзілі на нападзенне на настаўніцу. ― Еўрарадыё), якія выкладваюцца ў сацсетках удзельнікамі гэтага закрытага працэсу.

 

Не ведаю, ці бралі ва ўдзельнікаў гэтага працэсу падпіскі аб неразгалошванні дадзеных папярэдняга следства і закрытага судовага пасяджэння. У нас ажно да крымінальнай адказнасці прадугледжана за незаконнае распаўсюджванне дадзеных закрытага судовага пасяджэння. Асабліва калі яны цягнуць за сабой пэўныя наступствы. Былі выпадкі і асуджэння па гэтай норме. Прыгадваю справу аднаго адваката з віцебшчыны. Думаю, падчас разгляду справы ў другой інстанцыі Вярхоўны суд дасць ацэнку па ўсіх абставінах, якія ў гэтай справе прысутнічаюць, і прыме па іх адпаведнае рашэнне.

 

Пра стрымы з залы суда

 

Асабіста я супраць такіх мер, бо гэта робіць бессэнсоўным выдаленне тых жа сведкаў з залы судовага пасяджэння. Дапытаныя сведкі і недапытаныя не павінны мець стасункі да допыту. Усе гэтыя прамыя трансляцыі ды яшчэ і з каментарыямі нівелююць прамыя дзеянні працэсуальных норм закона. Якія прапісаныя для таго, каб дапамагчы суду выявіць праўду, выявіць змову сведкаў, захаваць да часу інфармацыю, якую адзін бок хоча да часу захаваць у якасці сюрпрыза для іншага боку. Для чаго мы выдаляем сведкаў з залы суда? Каб яны па інтэрнэце глядзелі што там адбываецца? Акуратна з гэтым трэба, суд ― гэта не тэатр. Гэта лёс людзей. І калі мы такім чынам пачынаем загадзя фарміраваць грамадскую думку пра тое, хто мае рацыю, а хто ― не, гэта вельмі дрэнна.

 

Пра колькасць супрацоўнікаў праваахоўных арганаў на лаве падсудных

 

Па практыцы папярэдніх гадоў скажу: некалькі дзясяткаў штогод. Яны трапляюць на гэтую лаву за розныя злачынствы і з розных праваахоўных органаў.

 

Пра журналістаў, якіх супрацоўнікі міліцыі вінавацяць у лаянцы матам падчас працы на вулічных акцыях

 

Што тут доўга каментаваць: калі канкрэтная асоба не згодная з вынікам разгляду справы ў судзе першай інстанцыі, яна мае права абскардзіць гэтае рашэнне ў вышэйстаячы суд. Я ніколі не рабіў ніякіх заяў у межах канкрэтных спраў, якія мне як дзеючаму суддзі перашкодзяць прымаць у будучым па пэўнай справе рашэнне ў парадку абскаржвання. У нас у законе прапісана, што ніякія доказы не маюць для суда загадзя вызначанай сілы. Аднак і выключная ацэнка ўсіх доказаў па канкрэтнай справе належыць суду. У гэтым прававым полі і павінна давацца рашэнне кожнаму судоваму рашэнню.

 

Пра ўзровень недаверу да беларускага суда сярод беларусаў

 

Больш паловы беларусаў ніколі ў будынак суда не заходзілі ні ў якой якасці. І гэта вельмі добра. Сваё меркаванне пра суд яны складваюць з фільмаў і вашых рэпартажаў. Што да тых, хто апынаецца ў сферы нашай дзейнасці, то нагадаю, што любы судовы працэс мае два бакі. І адзін з іх судовую спрэчку выйграе, а другі ― прайграе. Наўрад ці той бок, які судовую спрэчку прайграў, будзе ставіцца да судовай сістэмы з даверам ці з павагай. На жаль, у рабоце судоў узнікаюць сітуацыі, якія дазваляюць казаць грамадзянам, што з імі паступаюць несправядліва, некультурна, што іх правы і інтарэсы не абаранілі. Кожную скаргу правяраем, і калі гэта сапраўды так, то ідзе вельмі жорсткая рэакцыя ― ажно да прымянення мер дысцыплінарнага пакарання. Не важна, хто гэта, кіраўнік суда, суддзя, супрацоўнік яго апарату.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі