Трох магілёўцаў будуць судзіць за апаганены помнік габрэям — ахвярам нацызму

Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць трох магілёўцаў. Іх вінавацяць у апаганьванні каменя-помніка "У памяць аб габрэях Магілёва — ахвярах нацызму". Як паведамляецца на сайце Следчага камітэта, абвінавачанымі па справе праходзяць тры юнакі — 16, 17 і 19 гадоў.

Здарэнне адбылося ў ноч на 19 лістапада 2016 года. Па звестках следства, юнакі наўмысна аблілі чорнай фарбай памятны знак. Шкода, прычыненая магілёўскай габрэйскай грамадзе ацэненая ў 1000 рублёў.

Маладых людзей абвінавацілі ў злосным хуліганстве і ўзялі пад варту. Двое з абвінавачаных непаўналетнія. Таму на старэйшага з кампаніі пачалі таксама крымінальную справу за ўцягванне непаўналетняга ў злачынства.

Крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.