За 150 шэнгенскіх візаў чыноўнікаў асудзілі на значныя тэрміны

За 150 шэнгенскіх візаў чыноўнікаў асудзілі на значныя тэрміны

Суд Іўеўскага раёна вынес прысуды былым чыноўнікам Лідскага раёна, якія за грошы дапамагалі афармляць шэнгенскія візы. Гэта былы намеснік старшыні Лідскага райвыканкама і былы старшыня Траццякоўскага сельскага выканкама, інфармуе БелаПАН са спасылкай на прадстаўніка Гродзенскага абласнога суда Паўла Варэйку.

Намесніка старшыні Лідскага выканкама прызналі вінаватым у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, атрыманне хабару. Ён прысуджаны да сямі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Акрамя таго на пяць гадоў ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем паўнамоцтваў прадстаўніка ўлады, і пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Другога фігуранта прызналі вінаватым у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, саўдзеле ў злачынстве і атрыманні хабару. Яму прысудзілі пяць гадоў і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Ён таксама на пяць гадоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем паўнамоцтваў прадстаўніка ўлады, і пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.

Прысуд быў абвешчаны 11 траўня. Ён можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку ў Гродзенскі абласны суд праз суд Іўеўскага раёна.

Раней паведамлялася, што з красавіка 2013 года па сакавік 2015 года гэтыя чыноўнікі шукалі ў Лідзе і Лідскім раёне людзей, якія жадаюць выехаць у краіны Заходняй Еўропы. За грошы яны дапамагалі атрымаць шэнгенскія візы. Паслугамі чыноўнікаў скарысталіся больш за 150 чалавек. За гэта яны атрымалі ўзнагароджанне ў агульнай суме, эквівалентнай не менш як 235 млн рублёў.

Акрамя таго, намеснік старшныі Лідскага райвыканкама ў 2013-2014 гадах некалькі разоў незаконна загадваў, каб на яго лецішчы бясплатна працаваў рабочы Бярозаўскага гарвыканкаму.

Цяпер абодва абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай. Следчыя наклалі арышт на іх маёмасць на агульную суму амаль 900 млн рублёў. У тым ліку арышт анкладзены на аўтамашыны, зямельны ўчастак, грошы на банкаўскіх рахунках, ювелірныя вырабы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі