З Паўночнай Карэі ў Паўднёвую ўцёк паранены вайсковец (відэа)
З Паўночнай Карэі ў Паўднёвую ўцёк вайсковец. Відэа распаўсюдзіла камандаванне ААН. На ім відаць, як вайсковец уцякаў на аўтамабілі, але ў Агульнай зоне бяспекі на мяжы машына спынілася. Мужчына пабег у бок паўднёвакарэйскай тэрыторыі, а па ім стралялі памежнікі Паўночнай Карэі. Яго падабралі паўднёвакарэйскія вайскоўцы і на верталёце адправілі ў бальніцу.
Як піша meduza.io, уцякач быў паранены шэсць разоў — у жывот, плячо і локаць. Лекараў уразіла тое, што ў кішэчніку мужчыны знайшлі чарвякоў даўжынёй 27 сантыметраў. Па словах хірурга, ён такое бачыў толькі ў падручніках. Адзначаецца, што пагрозы для жыцця вайскоўца ўжо няма, ён пачаў жартаваць, слухаць музыку і глядзець тэлебачанне. У той жа час пра асобу ўцякача з КНДР дагэтуль нічога не паведамляецца. Вядома толькі, што яму 24 гады.
Дарэчы, з канца 1990-х з Паўночнай Карэі ў Паўднёвую збеглі каля 30 тысяч чалавек. Людзі ўцякаюць праз тэрыторыю Кітая. А вось праз Агульную зону бяспекі ў гэты перыяд былі толькі два выпадкі ўцёкаў — у 1998-м і 2007 гадах.