З кароўніка ў правадыры: Лукашэнка канчаткова змяніў імідж?

Ці хоча сам Аляксандр Лукашэнка быць "боствам" і "фараонам"? / калаж Улада Рубанава
Ці хоча сам Аляксандр Лукашэнка быць "боствам" і "фараонам"? / калаж Улада Рубанава

Моцны гаспадарнік, якога хвалююць "абасраныя каровы", і "бацька нацыі" — публічныя вобразы Аляксандра Лукашэнкі. Імідж мудрага елбасы ўсё часцей выкарыстоўваецца беларускім кіраўніком. Так было і ў часе паслання беларускаму народу ў студзені 2022 года, калі Лукашэнку, які стаяў на трыбуне, антуражна падсвяцілі знізу ўгору.

"Елбасізацыя" Лукашэнкі працягнецца і далей? Ці вобраз наведвальніка кароўнікаў проста ненадоўга павешаны ў шафу?

— Калі ён будзе кіраўніком Усебеларускага народнага сходу і перастане займаць прэзідэнцкую пасаду, то, напэўна, ён будзе менш хадзіць па кароўніках. Гэта будзе не па статусе, — лічыць палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — У астатнім я не бачу вялікай супярэчнасці. Таму што ён першапачаткова сваю легітымнасць, якая застаецца сярод яго прыхільнікаў, грунтуе на непасрэднай сувязі з простым народам. Яму важна пастаянна падкрэсліваць яе, напаўняць сэнсам, прыкладамі і відэашэрагам. Я думаю, выхады ў палі і збіранні кавуноў не спыняцца. Яму трэба паказваць сыры папулісцкі меседж "мы з вамі адной крыві".

— Наконт таго, ці адбываецца "елбасізацыя", — так, безумоўна, — працягвае Арцём Шрайбман. — Гэта заўважыў не я першы. На гэтую тэму я чытаў выдатны допіс у Ягора Лебядка. Ёсць тое, чаго апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі не назіралася, — фармаванне абсалютна персанальнага культу асобы. У Беларусі не было вуліцы імя Лукашэнкі, не было помніка Лукашэнку. Адзінае, што было ад культу, — партрэты ў кабінетах. Ён сам неяк саромеўся ўсюды ставіць свой твар, свае вобразы. Шмат якія цэнтральнаазіяцкія кіраўнікі не саромеюцца гэтага рабіць.

На хвалі прапагандысцкага шаленства, у якое сістэма ўвайшла пасля 2020 года, калектыўны Азаронак з маргінэзу стаў мэйнстрымам беларускай ідэалогіі. На гэтым фоне адбываецца не самы псіхалагічна звыклы для Лукашэнкі пераход ад "добрага менеджара" да "бацькі нацыі". Мне здаецца, што такі вобраз падточвае яго легітымнасць яшчэ больш. Я думаю, сярод той траціны беларускага грамадства, якая, па розных апытаннях, яго яшчэ падтрымлівае, не ўсе будуць гатовыя да таго, што ў іх з'яўляецца елбасы, фараон, боства і гэтак далей, — рэзюмуе Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі