Фірма IKEA патрабуе з Пятра Маркелава 8,5 тысячы еўра кампэнсацыі за шкоду падчас ягонай акцыі.
Пра гэта сам актывіст напісаў у сваім акаўнце ў Інстаграме.
Як распавядала Еўрарадыё, у лістападзе 2022-га Маркелаў, які цяпер жыве ў Чэхіі, зладзіў хэпенінг у мэблевай краме IKEA. Беларус пасек дзве тумбачкі сякерай, абліў іх фарбай і праз рупар па-англійску сказаў, што робіць гэта на знак пратэсту супраць супрацы шведскай кампаніі з уладамі Беларусі. Пасля акцыі Маркелаў спакойна чакаў прыезду паліцыі.
Акурат перад гэтым у заходніх СМІ з'явіліся публікацыі пра тое, як заходнія кампаніі купляюць прадукцыю, якую выпускаюць беларускія турмы, у тым ліку і тыя, дзе сядзяць палітвязні.
У ІКЕА абвяргалі супрацу з беларускімі кампаніямі, якія парушаюць правы чалавека.