Вы тут

З 5 да 11 класа: школьнікаў будуць цэнтралізавана вучыць ганарыцца Беларуссю

Ідэалагічную работу трэба праводзіць з дзяцінства, каб потым не станавіліся "пратэстунамі"

Адзіны дзень інфармавання — спецыяльныя заняткі для школьнікаў, у рамках якіх ім даносяць "палітінфармацыю". Апошнія гады гэтыя заняткі называюцца "Школа актыўнага грамадзяніна", у 2019-м іх раскрытыкаваў Аляксандр Лукашэнка. Але такую форму прапаганды сярод школьнікаў захавалі, і ў снежні дзяцей чакае чарговы сеанс вымушанай любові да бацькаўшчыны.

Набор сацыяльных гарантый

Тэма наступных такіх заняткаў — "Я родным краем ганаруся і ведаю — я не адзін". Як пішуць у метадычных рэкамендацыях, фокус будзе зроблены на "дасягненнях суверэннай Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця" і Годзе малой радзімы.

Вось што прапануюць расказваць школьнікам, цытата з падрыхтаваных Нацыянальным інстытутам адукацыі матэрыялаў:

— За гады незалежнасці нашай краінай пройдзены вялізны шлях развіцця, вынікі гэтага працэсу можа адчуць кожны беларус. Пасля распаду Савецкага Саюза мы змаглі не толькі захаваць краіну, але і прымножыць яе эканамічны патэнцыял, забяспечыць кожнаму грамадзяніну неабходны набор сацыяльных гарантый, умацаваць нацыянальную бяспеку. Голас Беларусі чуваць на аўтарытэтных міжнародных пляцоўках, шмат у чым дзякуючы мірным ініцыятывам кіраўніцтва краіны.

Далей — пра "трапятанне пад купалам музея ВАВ", пабудаваныя ў рэгіёнах аб'екты, Еўрапейскія гульні і да таго падобнае.

Абмяркоўваць школьнікі павінны "незалежную і квітнеючую Беларусь", поспехі праекта "Год малой радзімы" і спецпраект дзяржагенцтва БЕЛТА.

Зроблена ў СССР

У спецыяльнай прэзентацыі школьнікам пакажуць, як паспяхова развіваюцца беларускія гарады. Так, да заслуг "суверэннай Беларусі" ў Мінску адносяць не толькі Нацыянальную бібліятэку і Мінск-Арэну, але і, напрыклад, комплекс "Брама Мінска" (1953 года пабудовы), Вялікі тэатр (1933 год) і метрапалітэн (адкрыты ў 1984-м).

Тое самае і ў рэгіёнах. Дасягненнямі апошніх гадоў называюць у тым ліку БелАЗ, "Чырвоны харчавік", Аўгустоўскі канал, Белавежскую пушчу і далей па спісе. Намёк зразумелы: усё існуе толькі дзякуючы першай асобе дзяржавы, а без яе тут была б пустэльня.

Нарэшце, школьнікам будуць піярыць праекты БРСМ, прысвечаныя Году малой радзімы і публічнаму праяўленню вялізнай любові да сваёй краіны.

Правядуць гэту "палітінфармацыю" для вучняў з пятага да адзінаццатага класа.

І гэта яшчэ не ўсё

Дзякуючы апублікаваным у тэлеграме лістам чыноўнікаў стала вядома, што як мінімум у школах Гомельскага раёна запланаваны тэматычныя ўрокі па тэме калабарацыянізму ў часе вайны: дзецям раскажуць пра "сімволіку калабарацыяністаў" (адгадайце, пра якую?) і будуць усяляк вучыць патрыятызму.

Ідэалагічная нагрузка школьнікаў, мяркуючы па ўсім, будзе расці і далей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.