З 2023 года ў Беларусі можа з'явіцца абавязковая школьная форма

З 2023 года ў Беларусі можа з'явіцца абавязковая школьная форма. Пра гэта ў інтэрв'ю sb.by заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Паводле яго слоў, пакуль разглядаецца магчымасць яе ўвядзення. А з 1 верасня 2022-га збіраюцца ўвесці "адзіныя элементы школьнага адзення для канкрэтнай установы".

Іванец кажа, што шмат увагі будзе надавацца ідэалогіі. Плануюцца пастаянныя ўрачыстыя "лінейкі" з абавязковым праслухоўваннем гімна, падняццем сцяга — пакуль не штодзённыя, а ў дні дзяржаўных святаў. І не толькі ў школах, але і ў дзіцячых садках. Мінадукацыі збіраецца замацаваць льготы для тых, што навучаецца ў ваенна-патрыятычных класах, сумесна з МУС распрацоўвае вучэбныя праграмы.

Сярод іншых новаўвядзенняў — школьнікі будуць пакідаць тэлефоны ў "спецыяльна абсталяваных месцах", у кожнай школе і гімназіі адкрыюць музей ці музейны пакой. "Мы не можам забыць нашу гісторыю і не дазволім яе інтэрпрэтаваць іншым", — кажа міністр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.