Вы тут

З 20 топ-каналаў толькі адзін — праўладны: як развіваецца тэлеграм у Беларусі

Тэлеграмам у Беларусі карыстаюцца больш за 2 мільёны чалавек / Еўрарадыё

Аналітыкі Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі правялі даследаванне пра выкарыстанне тэлеграма ў Беларусі і пра тое, як развіваюцца і што абмяркоўваюць дваровыя і раённыя чаты.

Выбуховы рост — з сакавіка

Аўтары адзначаюць: некалькі гадоў тэлеграм быў у Беларусі не асабліва папулярны. Змянілася гэта ў 2019-м: з'явіліся папулярныя каналы, пачала расці аўдыторыя месенджара. А з сакавіка 2020-га быў зафіксаваны "выбуховы рост".

Менавіта дзякуючы "ахопленасці" тэлеграмам беларусы "былі з самага пачатку лепш гатовыя да рознага кшталту інтэрнэт-блакаванняў, якія пачаліся з 9 жніўня", кажуць навукоўцы.

"На жаль, мы не маем больш свежых даследаванняў пра характарыстыкі беларускай аўдыторыі тэлеграма. Па ўскосных звестках, у Беларусі ў сярэдзіне жніўня 2020 года налічвалася каля 2,4 млн актыўных карыстальнікаў месенджарам (прыкладна 30-35% інтэрнэт-аўдыторыі). У месяцы, якія папярэднічалі жніўню, тэлеграм з'яўляўся самай спампоўванай праграмай у Беларусі (як на платформе Android, так і iOS). Па некаторых звестках, на момант верасня 2020 года месенджарам карысталася каля 60% гарадской інтэрнэт-аўдыторыі ў Беларусі", — пішуць аўтары працы.

Прычынай такога росту папулярнасці каналаў даследчыкі называюць не толькі магчымасць хуткага атрымання інфармацыі. Паспрыялі гэтаму і ўлады, якія заблакавалі многія беларускія медыя. На карысць "тэлегі" сыграла і тое, што 9–13 жніўня месенджар заставаўся практычна адзінай крыніцай аператыўнай інфармацыі.

Сярод каналаў, у якіх ёсць больш за 100 тысяч падпісчыкаў, 14 — "навінавыя і забаўляльныя". Яшчэ пяць належаць беларускім незалежным медыя. Цікава, што з праўладных каналаў у спісе "статысячнікаў" ёсць толькі адзін — "Жёлтые СЛИВЫ".

"Паўстанне новых раёнаў"

У даследаванні пра развіццё тэлеграм-чатаў аўтары спасылаюцца на звесткі базы сайта dze.chat.

Такіх суполак — каля 1,1 тысячы. У іх знаходзяцца парадку 550 тысяч неўнікальных карыстальнікаў.

"У агульнай колькасці ўдзельнікаў лакальных тэлеграм-суполак (чатаў) крыху менш за палову прыпадае на Мінск, з абласцей найбольш актыўныя Мінская, Гродзенская і Брэсцкая вобласці", — адзначаюць аўтары.

Чаты ёсць не толькі ў буйных гарадах. Яны ёсць і ў райцэнтрах, і ў асобных вёсках.

"Карціна актыўнасці ў лакальных тэлеграм-суполках (чатах) па Мінску пацвярджае характарыстыку пратэставага руху ў Мінску як "паўстання новых раёнаў"; хоць мясцовыя чаты ствараюцца па ўсім горадзе, аднак яўна відаць пункты канцэнтрацыі", — адзначаюць аўтары.

Усплёскі актыўнасці ў лакальных чатах даследчыкі звязваюць з буйнымі медыя-падзеямі, у тым ліку з Народным Ультыматумам і гібеллю Рамана Бандарэнкі.

Часцей за ўсё, згодна з аналізам навукоўцаў, удзельнікі чатаў абмяркоўваюць і каардынуюць пратэставыя дзеянні. Таксама там ідуць простыя зносіны, знаёмства і абмеркаванне іншых тэм.

"Лакальныя тэлеграм-суполкі (чаты) усё больш выконваюць функцыю зносін і падтрымкі "баявога духу", узаемнай матывацыі. Трэба адзначыць, што большасць лакальных чатаў аб'ядноўвае людзей з падобнымі поглядамі на бягучую сітуацыю", — пішуць у заканчэнні аўтары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.