Вы тут

Юрыю Рубцову не далі палітычны прытулак у Нямеччыне

Фота: svaboda.org

Палітэмігранту Юрыю Рубцову нямецкія ўлады адмовіліся даць палітычны прытулак. Пра гэта актывіст напісаў у сваім акаўнце на Фэйсбуку. У каментарах Рубцоў дадаў, што хутчэй за ўсё вернецца дадому.

Рубцоў набыў вядомасць у Беларусі як "чалавек-майка": на акцыі пратэсту ён выходзіў у майках з разнастайнымі лозунгамі. Мабыць, самым вядомым стаў заклік "Лукашэнка, сыходзь!" За гэтую майку Рубцова затрымалі пасля Чарнобыльскага шляху 2014 года і асудзілі на паўтара года — за абразу суддзі.

Падчас адбыцця пакарання на так званай "хіміі" актывіст адмовіўся працаваць з-за нізкага заробку. Ён патрабаваў сярэдні заробак па краіне, які абвяшчалі ў дзяржаўных СМІ, — не менш за 500 долараў. За адмову ад працы на яго пачалі крымінальную справу па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбыцця пакарання. За гэта ў траўні 2015-га Рубцова асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі. У жніўні 2015 года яго памілаваў Аляксандр Лукашэнка.

На пачатку 2016-га актывіст папрасіў прытулку ў Нямеччыне і з таго часу чакаў рашэння.