Юрыст: Фігуранты “справы патрыётаў” маюць права на кампенсацыю ад КДБ

Юрыст: Фігуранты “справы патрыётаў” маюць права на кампенсацыю ад КДБ

Супраць актывістаў “Маладога фронту” КДБ афіцыйна спыніў крымінальны пераслед — іх больш не абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Але хлопцы не адзін дзень правялі за кратамі, праз што згубілі ў заробку і патраціліся на адвакатаў. Ды і тое, як Арцёма Леўчанку разам са Змітром Дашкевічам затрымлівалі, як праводзілі допыты без прысутнасці адваката і спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва, хлопцы надоўга запомняць.

Леўчанка: “Як толькі я адчыніў дзверы на званок, мне заціснулі рот, паклалі на прыступкі, надзелі наручнікі і мяшок на галаву, а потым паставілі да сцяны, і так мы стаялі хвілін 20-30, пакуль, як я зразумеў, затрымлівалі Сяргея Пальчэўскага. Далей павезлі рабіць ператрус у маёй кватэры. Што да адваката, то мой здолеў са мной сустрэцца толькі на шосты дзень майго зняволення”.

Цяпер Арцём хоча паспрабаваць дамагчыся ад КДБ кампенсацыі сваіх матэрыяльных і маральных стратаў. Прынамсі, паспрабаваць зрабіць гэта, кажа ў эфіры Еўрарадыё актывіст МФ Арцём Леўчанка.

Леўчанка: “Безумоўна, я паспрабую, хаця мне і падаецца, што гэта ўтопія. Бо гэты камітэт — сам сабе закон, і калі ўспомніць, як брутальна яны нас затрымлівалі, не звяртаючы ўвагі на нейкая працэсуальныя нормы, то і ў гэтым выпадку даць нейкую адпіску для іх не будзе складана”.

З такім меркаваннем цалкам не згодная юрыст Тамара Сідарэнка. Па яе словах, найперш трэба атрымаць з КДБ копію пастановы аб спыненні ў дачыненні да Арцёма крымінальнага пераследу і копію пастановы, у якой гаворыцца пра тое, што за ім прызнаецца права на кампенсацыю нанесенай шкоды. І рухацца далей па “юрыдычных калідорах”.

Сідарэнка: “Выносячы рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу, следчыя абавязаныя па законе выносіць і пастанову аб прызнанні за гэтай асобай права на кампенсацыю шкоды. Найперш трэба напісаць заяву ў КДБ, каб вам даслалі копіі гэтых пастаноў. Потым трэба звярнуцца ў органы КДБ з заявай, дзе пералічаная нанесеная шкода. Па законе кампенсуецца фізічная, маёмасная, маральная шкода”.

Па словах Арцёма Леўчанкі, ніякай фізічнай шкоды яму нанесена не было — катаванняў у дачыненні да яго не выкарыстоўвалі. Але была нанесеная шкода маральная і шкода матэрыяльная. Кампенсацыі яе ён і будзе дамагацца. Праўда, з сумай яшчэ не вызначыўся.

 

Цалкам размову з Арцёмам Леўчанкам і Тамарай Сідарэнка можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі