Юных артыстаў з Украіны шэсць гадзін трымалі на беларускай мяжы

Юных артыстаў з Украіны шэсць гадзін трымалі на беларускай мяжы

У непрыемную сітуацыю трапілі маладыя выканаўцы пад кіраўніцтвам народнага артыста Украіны Мар’яна Гадзенкі, якія ехалі на канцэрт для ўкраінскай дыяспары ў Мінск. З паловы другой ночы да сёмай гадзіны раніцы яны чакалі ў аўтобусе праверкі беларускіх мытнікаў і памежнікаў.

Як перадае Радыё "Свабода", памежнікі забаранялі ім уключаць рухавік аўтобуса, каб сагрэцца, і не пускалі ў прыбіральню.

Па словах кіраўніка групы Мар’яна Гадзенкі, у мікраааўтобусе ехалі 13 чалавек, у тым ліку творчая група тэлебачання з тэхнікай. Пасля гадзіны стаяння на пустой мяжы Гадзенка падышоў да памежнікаў і сказаў, што група едзе на канцэрт і мае тэлевізійную тэхніку. Пасля гэтага, кажа ўкраінец, іх запусцілі ў нейкі тупік, шмат разоў забіралі пашпарты, камандзіровачныя пасведчанні, дакумэнты на тэхніку. 

"Я іх пачаў прасіць, што людзі добрыя, ўжо шостая раніцы, дзеці хочуць у прыбіральню, а нам не дазвалялі. Нават машыну завесці не дазвалялі, і дзеці мерзлі", — распавёў артыст. Дзеянні беларускіх памежнікаў і мытнікаў ён ацаніў як здзек. 

Гадзенка мяркуе, што іх магла напалохаць гукавая апаратура, якую ўкраінцы везлі з сабою, а таксама тэлевізійныя камеры. Толькі пасля пагрозы звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі ўкраінцаў прапусцілі, не папрасіўшы прабачэнняў за доўгую затрымку. 

Нягледзячы на стомленасць пасля дарогі, артысты добра выступілі перад поўнай залай у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур.

19 траўня зранку юныя ўкраінскія артысты едуць у Літву. Там у іх запланаваныя выступы ў трох гарадах на Днях культуры Украіны ў Літве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі