Вы тут

Яшчэ адзін паўторны арышт у Мінску: "назваў міліцыянераў таксістамі"

Уладзіслаў Кубіцкі / Скрыншот з відэа

24-гадовы мінчук Уладзіслаў Кубіцкі ў пятніцу выйшаў з Акрэсціна пасля 15-сутачнага арышту і адразу ж быў затрыманы. Першы раз яго пакаралі за ўдзел у дваравым маршы з бел-чырвона-белай сімволікай 9 верасня ў Кунцаўшчыне. Цяпер жа склалі пратакол за "дробнае хуліганства", паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae.

На выхадзе з ЦІПа на Акрэсціна Кубіцкага сустрэлі міліцыянеры і прапанавалі праехаць з імі ў РУУС на "прафілактычную гутарку". Хлопец пагадзіўся. Аднак у судзе міліцыянер-сведка заявіў, што па дарозе Уладзіслаў Кубіцкі пачаў "агрэсіўна і з выклікам сябе паводзіць, гучна крычаць і на заўвагі супакоіцца не рэагаваць". Таксама супрацоўнік міліцыі сказаў, што калі яны на службовай машыне спыніліся на адным з скрыжаванняў, "Кубіцкі назваў міліцыянераў таксістамі, выйшаў з машыны і наўмысна стукнуў дзвярыма".

Суддзя Ала Скуратовіч прызнала Уладзіслава Кубіцкага вінаватым.

Таксама не выйшлі на волю маці і сын Таццяна і Аляксей Бусел, затрыманыя 9 верасня падчас таго ж дваравога пратэснага маршу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.