Вы тут

Яшчэ аднаго беларуса будуць судзіць за здраду дзяржаве

Вытрымка з сайта Вярхоўнага суда

3 жніўня ў Вярхоўным судзе пачнецца працэс над Аляксандрам Сакалоўскім. Мужчыну абвінавачваюць па частцы 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса — у здрадзе Рэспубліцы Беларусь. 

Праваабаронцы не маюць інфармацыі пра тое, хто такі Сакалоўскі і якія абставіны справы, адзначае Reform.by. І не будуць мець, бо працэс пройдзе ў закрытым рэжыме. Старшыняваць на ім будзе суддзя Вярхоўнага суда Эдгар Марцірасян.

Эдгар Марцірасян / sb.by

Па артыкуле, які інкрымінуюць Аляксандру Сакалоўскаму, яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавачваюць у адным з наступных злачынстваў: 

- выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай ці замежнай арганізацыі, ці іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а роўна звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь;
- шпіянаж;
- іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, міжнароднай ці замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

У траўні за "дзяржаўную здраду" 18 гадоў калоніі атрымаў экс-капітан Генштаба Дзяніс Урад. Ён сфатаграфаваў ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны і адправіў гэты здымак тэлеграм-каналам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.