Вы тут

Яніна Правалінская-Карольчык: У трэнеры не пайду. Сёння гэта нулявая перспектыва

Алімпійская чэмпіёнка і чэмпіёнка свету, штурхальніца ядра Яніна Правалінская-Карольчык прапусціць Гульні ў Бразіліі з-за траўмы спіны. Пра гэта спартсменка распавяла ў жывым эфіры Еўрарадыё. Таксама Яніна паразважала, чаму на допінгу ловяць беларусаў, а не амерыканцаў і патлумачыла, з-за чаго маладых спартсменаў трэніруюць пенсіянеры.

Слухаць размову:

10 цытат Яніны Правалінскай-Карольчык:

 

— Ускрыццё проб праз восем гадоў — гэта няправільна. І Міхневіч і Мянькову праверылі, калі яны заваявалі медалі, а тут зноў пачынаюць правяраць па новых тэхналогіях. Гэта неэтычна ў дачыненні да спартсменаў.

 

— Каго яны правяраюць? Беларусаў, украінцаў, расіян, казахаў. Няма ніводнага спартсмена з Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі і тым больш з ЗША.

 

— Вялікі мінус, што ў Беларусі няма сваёй антыдопінгавай лабараторыі, і спартсмен не можа даведацца тэрмін выхаду пэўнага прэпарату. А краіны, дзе такія лабараторыі ёсць, гэтым карыстаюцца, і іх спартсмены заўсёды будуць на галаву вышэй.

 

— Калі спартсмен мае па ядры вынік 18 метраў, а на Алімпіядзе выходзіць і штурхае за 20 метраў, то ўсе разумеюць, на чым гэты атлет выступае.

 

— Мяне дыскваліфікавалі на два гады за кленбутэрол. Кажуць, што ён мае дачыненне да нарошчвання мышачнай масы. У мяне дачка, 11 гадоў, дык ёй педыятр сам прызначаў гэты прэпарат. Уявіце: калі дзіцяці прызначаюць, дык як ад гэтага прэпарата можа павысіцца вынік?

 

— Сёлета я выйшла на нармальны, дастойны вынік, але, на жаль, перад чэмпіянатам краіны, дзе адбіраліся ўдзельнікі Алімпіяды, атрымала траўму спіны, таму не паехала.

 

— Бразілія аказалася непадрыхтаванай да Алімпіяды. Нашы алімпійцы ўпершыню сутыкнуліся з тым, што і вады гарачай няма, і святло з перабоямі, і не прыбіралася нічога, каналізацыя не працавала. ХХІ стагоддзе. Не самім жа браць анучу і ісці прыбіраць!

 

— Дастаткова цяжка ісці працаваць трэнерам у лёгкую атлетыку. Трэба адабраць дзяцей, знайсці здаровых сярод іх. Заробак маленькі. Калі гэта мужчына, то ён не пойдзе. Яму ж сям’ю карміць. Таму працуюць пенсіянеры, якія атрымліваюць пенсію.

 

— Сама ў трэнеры не пайду. Думаю, што сёння гэта нулявая перспектыва — трэніраваць дзяцей.

 

— Хочацца яшчэ выступіць, калі не на Алімпіядзе, то на чэмпіянаце свету і на чэмпіянаце Еўропы ў Мінску, на рэканструяваным “Дынама”.