Якім крэатывам здзівяць беларусаў кандыдаты ў прэзідэнты?

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць адбыцца ўжо восенню, але відавочнай агітацыйнай кампаніі на вуліцах пакуль не бачна. Еўрарадыё зацікавілася, чым збіраюцца здзіўляць выбаршчыкаў кандыдаты на кіраўніка краіны. 
Сустаршыня партыі БХД Віталь Рымашэўскі спадзяецца стаць адзіным кандыдатам дэмакратычных сілаў. Выбараў “адзінага” яшчэ не было, таму пачынаць уласную агіткампанію БХД не спяшаецца. Тым не менш, Віталь Рымашэўскі запэўніў Еўрарадыё, што ад яго каманды варта чакаць крэатыву — праўда, падрабязнасцямі дзяліцца не захацеў: маўляў, сюрпрыз будзе.
Віталь Рымашэўскі:Крэатыўных падыходаў будзе шмат, але пра гэта можна будзе паразмаўляць, калі прэзідэнцкая кампанія ўжо пачнецца. Думаю, што ў параўнанні з іншымі кандыдатамі, нават абапіраючыся на мае біяграфічныя дадзеныя, я буду моцна адрознівацца ад іншых дэмакратычных кандыдатаў, я і цяпер адрозніваюся”.
Сваімі галоўнымі адрозненнямі Віталь Рымашэўскі лічыць узрост (а палітыку 35 гадоў), адсутнасць супрацоўніцтва з Аляксандрам Лукашэнкам і няўдзел у КПСС, а таксама рэлігійнасць.
Новыя падыходы да электарату шукае і кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч. Бліжэй да выбараў ён збіраецца правесці он-лайн канферэнцыю. Акрамя таго, Алесь Міхалевіч мае намер ахапіць агітацыяй літаральна кожнага.
Алесь Міхалевіч: “Я планую серыю ўлётак для канкрэтных мэтавых груп ― настаўнікаў, дактароў, супрацоўнікаў лясгасаў, санстанцыі, міліцыі, для людзей, якія служаць у арміі. У Беларусі гэта фактычна яшчэ не выкарыстоўвалася. Праца з канкрэтнымі мэтавымі групамі, якія знаходзяцца ў канкрэтных памяшканнях, да якіх можна дайсці, даехаць”.
Індывідуальны падыход выкарыстае ў кампаніі і лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. Ён плануе шмат падарожнічаць па краіне і паціскаць рукі людзям, паведаміў Еўрарадыё кандыдат у прэзідэнты. Аляксандр Мілінкевіч таксама заахвочвае сваіх выбаршчыкаў дапамагаць у напісанні перадвыбарчай праграмы.
Аляксандр Мілінкевіч: “Мы пачалі распрацоўваць народную праграму. Мы звяртаемся да людзей, мы пішам тысячы і тысячы лістоў, перш за ўсё да актывістаў. Мы звяртаемся з нашай праграмай і просім паўдзельнічаць у яе стварэнні. Аснову дасылаем, і нам вельмі цікавыя іх думкі”.
Спяшацца з агітацыяй, на думку лідэра руху “За свабоду”, пакуль няма сэнсу, таму што да выбараў яшчэ далёка. Па словах Аляксандра Мілінкевіча, у яго каманды цяпер ёсць важнейшая справа ― стварэнне выбарчага блока. 
А вось у Польшчы перадвыбарчая кампанія ў самым разгары. Штабы кандыдатаў працуюць па 2 змены, некаторыя нават уначы. Усё гэта, каб знайсці найлепшы падыход да выбаршчыкаў і прыцягнуць іх на свой бок. Напрыклад Гжэгаж Наперальскі, 36-гадовы кандыдат ад партыі “Саюз дэмакратычнай левіцы”, нават у дождж а 5 раніцы раздае яблыкі працаўнікам аднаго з заводаў. На яго думку, нават поціск рукі і пажаданне добрага дня для людзей азначаюць вельмі шмат. 
Гжэгаж Наперальскі:Тут знаходзіцца завод, які патрабуе дапамогі. Такіх заводаў шмат, і я не баюся за сваё здароўе. Істотна тое, каб паказаць, што існуюць пэўныя праблемы. І іх трэба вырашаць. Гэта таксама мэта перадвыбарчай кампаніі, не толькі змаганне за пасаду. І ў іншых праблемных заводах я таксама з’яўлюся, буду размаўляць з людзьмі, каб паказаць, што нехта гэтым цікавіцца”.
Праз інтэрнэт Гжэгаж Наперальскі амаль кожную гадзіну паведамляе выбаршчыкам, чым ён займаецца. Выкарыстаць сеціва паспрабаваў і Яраслаў Качыньскі, лідэр партыі “Права і справядлівасць”. Ён адказаў на пытанні блогераў. У Польшчы ўжо адбыліся і першыя тэледэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Анджэя Аляхоўскага і Марэка Юрэка
А вось з кампаніяй галоўнага фаварыта прэзідэнцкай гонкі ― спікера сейма Браніслава Камароўскага ― не ўсё так гладка. Падчас прэзентацыі яго ганаровага перадвыбарчага камітэта прагучала некалькі некарэктных заяваў. Напрыклад, прафесар Уладыслаў Барташэўскі, палітык і дыпламат у мінулым, папракнуў Яраслава Качыньскага ў адсутнасці дзяцей.
Уладыслаў Барташэўскі:Калі б Польшчы трэба было апусціцца да такога ўзроўню зацікаўленасці, які мае Руанда, то гэта быў бы аргумент для выбару прэзідэнтам чалавека з досведам у гадоўлі жывёлаў (Яраслаў Качыньскі з’яўляецца аматарам котак - Еўрарадыё). Але ў яго няма досведу бацькоўства, толькі здольнасць прафесійнага разбурэння”.
Фота: caricatura.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі