Якая ў Беларусі пазіцыя ў дачыненні да падзей ва Украіне?

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на паседжанні Савета бяспекі кажа, што пазіцыя Беларусі па пытаннях Украіны застаецца нязменнай. Але паспрабуйце задаць сабе пытанне: а якая ў Беларусі пазіцыя наконт падзей ва Ўкраіне? Цікава, што атрымаецца ў адказ у вас? Міністэрства Замежных спраў Беларусі адказвае так:

"Палітычную ацэнку падзеям ва Украіне даў кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца стаўлення беларускага боку да сітуацыі ва Украіне, яно было дакладна выкладзенае ў інтэрв'ю міністра замежных спраў", — кажуць Еўрарадыё ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў. 

Таму Еўрарадыё звяртаецца да ўзгаданага інтэрв’ю. Спадар Макей заўважае, што Беларусь зацікаўленая, каб Украіна заставалася стабільнай, тэрытарыяльна цэласнай дзяржавай. Выказванні міністра замежных спраў наконт прызнання ці непрызнання дзеючых органаў улады ў Кіеве вельмі і вельмі асцярожныя.

“На жаль, тая інфармацыя, якая паступае з Украіны, кажа пра тое, што перамогай так званага Майдана, нічога не закончылася. Гэта, магчыма, толькі пачатак. Патрэбна дакладна прааналізаваць і з нацыянальнага, і з міжнародна-прававога боку, і з пункту гледжання легітымнасці цяперашняга складу ўрада. Мы не адмаўляемся ад кантактаў з імі, наадварот, шэраг асоб, якія ўваходзяць у склад новага ўраду, мы ведаем і кантактавалі з імі раней. І маем намер падтрымліваць нармальныя сувязі і далей”, — кажа міністр замежных спраў Беларусі.

Ці прызнае Беларусь новага прэзідэнта Украіны, абранага 25 траўня, ці прызнае крымскі рэферэндум, назначаны на 16 сакавіка? МЗС адказаў на гэтыя пытанні Еўрарадыё сёння не дае.

Цікаўлюся пра пазіцыю дзяржавы наконт падзей у Крыме на факультэце міжнародных адносін БДУ. Загадчык кафедры консульскай і дыпламатычнай службы Георгій Міхалькевіч слова ў слова пераказвае міністра замежных спраў. На пытанне, ці прызнае ў такім выпадку Беларусь крымскі рэферэндум, ды легітымнасць “кіеўскіх” прэзідэнцкіх выбараў, дацэнт заўважае, што калі прызнае свет, тады прызнае і Беларусь.

“З пазіцый прававых, тое, што сказаў прэзідэнт Украіны ў інтэрв’ю, — ён жывы, ён паўнамоцтваў з сябе не здымае. Любая рэвалюцыя — гэта парушэнне прававых правоў. Калі была рэвалюцыя, значыць, была парушаная канстытуцыя і быў факт прыходу да ўлады неканстытуцыйным шляхам. Справа сусветнай супольнасці, ці прызнае яна такую ўладу. Практыка паказала, што прызнанне ёсць”, — кажа дацэнт.

Самыя папулярныя адказы мінчукоў на вуліцах на пытанне пра пазіцыю Беларусі па Крыме падобныя да чыноўніцкіх: “не ведаю” і “Беларусь заціхарылася і чакае”.

 “Беларусь займае чакаючую пазіцыю”, - канстатуе студэнтка Алена. Цікава, што большасць маладых людзей ці не ведаюць, як Беларусь ставіцца да падзеяў на Украіне, ці не адсочваюць расійска-крымскі канфлікт.

Расіянін Артур ўпэўнены, што канфлікт — гэта проста спосаб распачаць вайну.

“Будзе вайна, і Расія правільна робіць, што забірае Крым. Мы ж ўсе адзінаросы, адзін народ”;

“Калі трэба, дык будзем дапамагаць ўкраінцам. Гуманітарнай дапамогай”, — кажа мінчанка Святлана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі