У свеце разгарэўся скандал праз спальванне Карана ў Стакгольме і Капенгагене. Гэта зрабіў лідар дацкай ультраправай партыі “Жорсткі курс” Расмус Палудан. Праз інцыдэнты быў замарожаны працэс уступу Швецыі ў NАТO, бо абразілася Турцыя.
Палудан заявіў, што плануе праводзіць акцыі пратэсту ля амбасады Турцыі ў Капенгагене кожную пятніцу, пакуль Турцыя не прыме заяўку Швецыі ў NATO.
Пакуль працягваюцца спрэчкі і спробы спальваць Каран, Еўрарадыё ўзгадвае, як у Беларусі таксама адбыўся скандал, звязаны з ісламам.
Пачалося ўсё ў канцы 2005 года з публікацыі ў дацкай газеце Jyllands-Posten. Яна надрукавала тэкст пра свабоду слова, а ў якасці ілюстрацый абрала 12 карыкатур на цэнтральную фігуру іслама прарока Мухамеда. Гэта выклікала пратэсты мусульманаў, некаторыя мусульманскія краіны нават зачынілі свае амбасады ў Даніі. Аўтары карыкатур атрымлівалі пагрозы. Але многія журналісты з Еўропы падтрымалі калег і перадрукавалі карыкатуры. Тады прайшлі звальненні галоўных рэдактароў, а выданні былі аштрафаваныя.
Масавае пакаранне сёння тады было прэцэдэнтам
Пра скандал напісала прыватная беларуская газета “Згода”, якую ў той час узначальваў Аляксей Кароль. Выпускаючым рэдактарам быў Аляксандр Здвіжкоў.

— Мы не друкавалі карыкатуры самі па сабе, — кажа галоўны рэдактор “Новага часа” Аксана Колб, якая тады працавала ў “Згодзе”. — Гэта быў аналітычны артыкул, у якім мы расказвалі, што адбылося ў Даніі. І як ілюстрацыя да матэрыялу былі выкарыстаныя дзве карыкатуры без подпісаў. То бок нічога абразлівага, нечага накшталт сённяшняга спальвання Карана, там не было.
У ісламе наогул забаронена выкарыстоўваць выявы людзей і няма нейкай кананічнай выявы прарока Мухамеда, таму карыкатуры без подпісаў нічога абразлівага ўяўляць не маглі.
Наклад з карыкатурамі не паспеў выйсці, а ўжо нібыта абразілася татарская абшчына ў Беларусі. Выпуск так і не пабачыў свет — ён быў канфіскаваны КДБ.
— КДБ была заведзеная ледзь не адзіная ў той час справа па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса [Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці. — Еўрарадыё]. Нашаму выпускаючаму рэдактару прысудзілі тры гады па частцы другой артыкула 130. Тое, што цяпер массава ідзе, тады было прэцэдэнтам.
Гэта было самае суровае пакаранне ў Еўропе па інцыдэнце з карыкатурамі.
Пры чым тут выбары ў Беларусі?

Распальванне варожасці было ні пры чым, лічыць Аксана Колб.
— Наш шэф [Кароль. — Еўрарадыё] у той момант быў даверанай асобай Казуліна [кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года. — Еўрарадыё]. Як раз былі выбары. І думаю, што яны [улады. — Еўрарадыё] чакалі якой-небудзь нагоды і скарысталіся менавіты гэтым, скарысталі татарскую абшчыну.
На судзе быў муфцій. У яго пыталіся, як вы даведаліся, хто абражаў вашыя пачуцці? Ён сказаў, “а мы не ведалі гэтага, нам гэта паказалі і сказалі напісаць такую заяву”.

Здзвіжкоў пасля вызвалення з’ехаў, а рэдакцыя працягнула працу, але ўжо ў “Новым часе”. “Згода” была закрытая праз скаргі Мінінформа.
“Калі прыбіраць усё вострае, то лепш не працаваць”
Ужо будучы рэдактарам Аксана Колб кажа, што ўсё адно друкавала б гісторыю.
— Канешне б давалі. Ці была б ілюстрацыя ў выглядзе менавіта карыкатуры? Не ведаю. У кожны час свае выклікі. Я толькі ведаю, што ў 2020, у 2021 годзе мы сабе не здраджвалі. Мы не імкнуліся быць больш ціхімі, каб нас не закрылі. І я лічу, што гэта было правільна. Бо калі прыбіраць усё больш-менш вострае, то лепш наогул не працаваць.
Што тычыцца ўвогуле карыкатур ці спальвання Карана, Колб лічыць, што непрымальна тое, што дыструктыўна.
— Пытанне ў тым, што людзі спрабуюць данесці. Калі мы глядзім на французскія выданні, мы бачым, што гэта сапраўды карыкатура, тонкая сатыра, якая паказвае розныя бакі палітычнага жыцця.