Аляксей Кароль: Прашу мусульман дапамагчы выратаваць Здзвіжкова ад калоніі

Аляксей Кароль, былы галоўны рэдактар зачыненай газеты “Згода”, лічыць прысуд журналісту Аляксандру Здзвіжкову занадта суровым. Нагадаем, сёння Мінскім гарадскім судом ён быў асуджаны на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за “распальванне рэлігійнай варажнечы”. Здзвіжкова пакаралі за карыкатуры на прарока Мухамеда, якія ён у 2006 годзе перадрукаваў у “Згодзе” з дацкай прэсы.

Кароль адзначае, што ні ў той час, ні пазней ніякіх рэлігійных канфліктаў у Беларусі не адбывалася, наклад таго нумару не распаўсюджваўся. Ён перакананы, што “пакаранне ўжо адбылося”, бо газета “Згода” больш не існуе.

Аляксей Кароль выступіў са зваротам да мусульман Беларусі з просьбай дапамагчы выратаваць Аляксандра Здзвіжкова ад калоніі:

“Я ўжо прыносіў у 2006 годзе свае прабачэнні мусульманам. А зараз я б звярнуўся да мусульман і да муфціяў, якія жывуць і працуюць у Беларусі, каб яны звярнуліся да адпаведных органаў з просьбай не караць Здзвіжкова і змяніць меру пакарання пры разглядзе гэтай справы пасля таго, як ён падасць касацыйную скаргу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі