Як пазбегнуць канфіскацыі аўто, павінен вырашыць Саўмін

Канфіскоўваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў пачнуць праз тры месяцы. Праўда, як сцвярджае дэпутат парламента Аляксандр Зазуля, у асобных выпадках канфіскацыі можна пазбегнуць. Да прыкладу, калі не ўладальнік быў за рулём.



Аляксандр Зазуля: “Канфіскацыя аўтамабіля можа быць толькі ў тым выпадку, калі ва ўласніка ёсць віна. Калі ж ад уласніка не залежала тое, што за рулём апынуўся чалавек без правоў ці той, каго ўжо адзін раз за кіраванне нецвярозым затрымлівалі, то ваш аўтамабіль канфіскаваны не будзе”.



Гэта калі здолееце давесці суду, што давяралі свой аўтамабіль чалавеку, які “не ўжывае і не прыцягваўся”.



Калі зыходзіць з таго, што напісана ў законе “Аб канфіскацыі”, то спадзявацца на гэта не выпадае, расчароўвае Еўрарадыё былы генпракурор Рыгор Васілевіч. Надзею выратаваць сваё аўто можа даць толькі адпаведнае Палажэнне Саўміна, дзе будуць прапісаныя “механізмы рэалізацыі” норм гэтага закона.



Між тым, як стала вядома Еўрарадыё, працу над узгаданым Палажэннем яшчэ нават не пачалі.



“Бліжэйшым часам урад абагульніць прапановы з ведамстваў зацікаўленых: павінны ж быць сфармуляваныя прапановы — як лепш і правільна яго рэалізоўваць (закон “Аб канфіскацыі аўто”. — заўв. Еўрарадыё). Але ж у нас яшчэ ёсць час — тры месяцы. Я думаў, што ўкладземся”, — супакойвае кіраўніца прэс-службы Саўміна Вольга Доўгая.



“Зацікаўленыя ведамствы” — МУС, Мінюст, Міністэрства аховы здароўя ды іншыя. Але яны сваімі “напрацоўкамі” ў гэтым накірунку дзяліцца не спяшаюцца. Затое не супраць падзяліцца з Саўмінам сваімі прапановамі Рыгор Васілевіч. Які, дарэчы, больш як пяць гадоў таму пачаў казаць аб канфіскацыі аўто ў нецвярозых кіроўцаў. Вось, як загадчык кафедры Канстытуцыйнага права юрфака БДУ раіць бараніць тых, хто даў сваю машыну іншаму чалавеку.



Рыгор Васілевіч: “Трэба, каб кампетэнтныя органы — ДАІ ці суд — паведамлялі ўладальніку транспартнага сродку пра тое, што асоба, якой яны перадалі транспартны сродак, была затрыманая падчас кіравання ў нецвярозым стане”.



Не забраў пасля такога папярэджання машыну — сам вінаваты і ад канфіскацыі нішто не ўратуе.



А хто будзе крайнім у выпадку, калі аматар выпіць за рулём пасля першага затрымання “пазычыць” іншую машыну ў іншага чалавека? Паводле закона — канфіскуюць тую машыну, на якой яго затрымалі другі раз.



Рыгор Васілевіч: “Трэба прадугледзіць права грамадзяніна атрымаць адпаведную інфармацыю ў органах унутраных спраў у адносінах да чалавека, якому плануецца перадаць аўтамабіль”.


Каб ведаць, як сябе чалавек за рулём паводзіць — ці перавышаў хуткасць, быў у аварыі, затрымліваўся падшафэ і гэтак далей.



Былы генпракурор не выключае, што ў хуткім часе ў судах з’явяцца новыя справы — уладальнікі канфіскаваных аўто будуць патрабаваць кампенсацыю ад тых, каму яны даверылі сваю машыну і па чыёй віне яе страцілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі