Як беларускія алімпійскія чэмпіёны патрацілі свае прызавыя?

Напярэдадні Алімпіяды выданне Daily Mail апісала сітуацыю, у якую трапілі амерыканскія алімпійцы. Са сваіх медалёў ім прыходзіцца выплачваць падатак амаль да 40%.

Daily Mail: “Амерыканскі Алімпійскі Камітэт вызначыў узнагароды ў 25 тысяч долараў за залаты медаль, 15 тысяч за срэбраны і 10 тысяч за бронзавы. Але вядучым спартсменам,  якія мусяць плаціць падатак на прыбытак у 39,6%, прыйдзецца раскашэліцца на 9,9 тысяч долараў за “золата”.

У ЗША ўжо некалькі разоў прапаноўвалі змяніць заканадаўства, каб не “караць” высокім падаткам алімпійцаў за іх поспех.

Як аказалася, бонусныя выплаты прызёрам Гульняў у Беларусі ў 5-6 разоў большыя, чым у ЗША: золата — 150 тысяч долараў, срэбра — 75 тысяч долараў, бронза — 50 тысяч. Дый ўвогуле па прэміях для пераможцаў гульняў Беларусь у сусветных лідарах.

Летняя алімпійская чэмпіёнка Эліна Зверава захапляецца дзяржаўнай падтрымкай і лічыць, што такія поспехі, як у Сочы, мусяць добра ўзнагароджвацца:

“Гэта добра. Гэта выдатна. І дзякуй Богу, што дзяржава мае магчымасць выплаціць. Бо,пагадзіцеся, гэта небывалы поспех. Таму ўсё лагічна, усё правільна”.

Спартсменка кажа, што на свой бонус 2000 года — 60 тысяч долараў — пабудавала кватэру. Што засталося — уклала ў далейшыя трэніроўкі: вітамінізацыя, снарады і абутак. Дый ўвогуле, як кажа штурхальніца дыска, спартсмены змагаюцца не з-за грошай.

Тым часам фрыстайліст Аляксей Грышын нават не можа дакладна прыгадаць, колькі атрымаў за бронзу ў Нагана ў 1998-м (15 тысяч долараў — заўв. Еўрарадыё). І распавядае, што зрабіў са ста тысячамі, якія дасталіся за чэмпіёнства ў Ванкуверы ў 2010-м:

“Думаў крыху аб будучыні. І ўклаў свае грошы ў праект: зняў памяшканне, зрабіў там саўну, невялікі спа-салон. Скажу так: праект працуе не так, як хацелася б, але працуе. Акурат на стадыі развіцця”.

Запытваемся ў чэмпіёна Афінаў-2004, Ігара Макарава, як ён патраціў свае прызавыя. На што спартсмен, як і Эліна Зверава, кажа: не грошы галоўнае. І тлумачыць, навошта ўвогуле ездзяць на Алімпіяду.

Ігар Макараў: “Мы больш як аматары ідзём, для нас важныя тытулы, званні. Да і ўвогуле паставіць плюсік сабе, што я гэта змог. Таму на гэтую ўзнагароду набываць нешта памятнае я не ведаю. Галоўнае, што ты туды ўзышоў, такі добры, такі малайчына”.

Нагадаем, на дадзены момант беларускія алімпійцы ў Сочы агулам заваявалі 5 залатых і 1 бронзавы медаль. Дзяржаве гэта абыдзецца ў 800 тысяч долараў. Цікава, што бонусы для беларускіх алімпійцаў вышэйшыя, чым у расіян, немцаў, канадцаў, французаў. Але меншыя, чым у літоўцаў (156, 78 і 62 тысячы долараў адпаведна), медальныя перспектывы якіх, што праўда, не такія і вялікія. У той жа час Казахстан гатовы заплаціць за кожнае золата 250 тысяч долараў, а Азербайджан — ажно 510 тысяч! А Вялікабрытанія, Нарвегія, Харватыя і Швецыя сваім спартсменам не плацяць увогуле.

Фота: news.yahoo.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі