Як адным указам 100-тысячнаму гораду 200-тысячную свінню падклалі

“Мы не хочам тут столькі гаў…а!”

Інфа пра намеры кампаніі “Вялес-Міт” пабудаваць пад Маладзечна два свінакомплексы на сто тысяч галоваў кожны з’явілся мінулай восенню. Па законе мясцовыя ўлады павінны былі абмеркаваць нюансы з людзьмі праз так званыя грамадскія слуханні. Усё арганізавалі ў райвыканкаме — знайшлі залу, прызначылі час, запрасілі прадстаўнікоў фірмы-заказчыка, праектантаў, быў намеснік кіраўніка раёна. І самае нечаканае — прыйшлі людзі. Былі не вельмі дыпламатычныя. “Мы не хочам тут столькі гаў…а!”, “У Драздах у сябе свінарнік пабудуйце”, “Нашы дзеці свіней нюхаць не будуць”, — гэта толькі частка больш-менш культурных рэплік. Дыялога не атрымалася, план спакойнага зацвярджэння плана будаўніцтва свінакомплексаў-гігантаў парваліўся. Людзі разышліся па дамах настроеныя самым рашучым чынам.

Перамога

За месяц да навагодніх святаў з Маладзечна прыходзіць навіна — будаўніцтва адмянілі. “Нічога не ведаем і каментаваць не будзем, усё няпраўда”, — каментуюць Еўрарадыё ў мясцовым райвыканкаме. Але пачынаецца новы год, а запланаванае на яго будаўніцтва свінаклплексаў — не. У дадатак эколагі з “Экадома” судзяцца з заказчыкам “Вялес-Мітам”. Сцвярджаюць, што будаваць нельга, бо дакументацыі ўсёй няма, ды і экалагічнай катастрофай у выпадку чаго папахвае у самым літаральным сэнсе. Суд эколагі прайграюць. Па адной версіі, бо не мелі рацыі. Па іншай, бо за “Вялес-Мітам” стаіць усемагутны беларускі алігарх Юрый Чыж. Сувязь гэтую, праўда, ні ў каго даказаць не атрымалася. Але чуткі ёсць чуткі.

Па горадзе тым часам папаўзлі праваабаронцы — збіралі подпісы супраць свінарнікаў. Назбіралі ажно 8 тысяч, з адрасамі і тэлефонамі. Няслаба для 100-тысячнага горада. Будаўніцтва заглухла, маладзечанцы паверылі ў дэмакратыю. Як аказалася, на некалькі месяцаў.

Мясцовыя ўлады яшчэ не ў курсе

“Хадзіў я сёння ў райвыканкам, там ніхто не ў курсе яшчэ”, — расказвае раніцай 4 чэрвеня маладзечанскі актывіст Эдуард Баланчук. Гэта ён арагнізаваў збор подпісаў супраць сінакомплексаў ля горада. Расказвае, што пайшоў да чыноўнікаў адразу, як даведаўся пра Указ 220, які дазваляе “Вялес-Міту” рабіць амаль што заўгодна. “Але цяпер сэнсу хадзіць да іх няма вялікага. Ад мясцовых уладаў цяпер мала залежыць. Месца, дзе плануюць будаваць свінакомплекс, перайшло ва ўласнасць да “Вялес-Міта”. Тут нават ніякія грамадскія слуханні ўжо не патрэбныя”, — расказвае Баланчук.

Указ насамрэч з хітрынкай. 1 чэрвеня прэзідэнцкім указам “Вялес-Міту” за 34 мільярды дазволілі набыць акцыі гаспадаркі “Гарадзілава” і будаваць там спакойна свой свінакомплекс. За 14 км ад Маладзечна, замест 3-ох, як раней планавалася. “Але яшчэ не вядома, што горш. Там жа Беразіна наша цячэ. Трапяць у ваду адходы — страшна падумаць пра вынікі”, — бядуе Баланчук. І збіраецца змагацца далей. Хоць рабіць гэта з прэзідэнцкімі указамі амаль бессэнсоўна.

Ці царская гэта справа

“Думаю, Лукашэнку паведамілі, што людзі супарць. Улады ўбачылі, што гэтыя нашы 8 тысяч подпісаў — гэта рэальныя людзі. Што яны ўсе настроеныя рашуча, вось і вырашылі такім чынам дзейнічаць. Дзяржаве патрэбныя грошы, прыбытак ад гэтых свінняў. А Лукашэнка — гэта ж не райвыканкам. Супраць яго не так проста. Але я думаю, што цяпер у Маладзечне ён дакладна не пераможа на выбарах. Людзі не забудуць”, — крыху наіўна разважае мясцовы актывіст пра прычыны падпсіання указа “аб свіннях”. Хаця што яму яшчэ застаецца.

Свінакомплексы (месца для яшчэ аднаго пакінулі ранейшым — на мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў, там нават грамадскія слуханні не праводзілі) плануюць пабудаваць да 2018 года. Спыніць гэты працэс цяпер можа толькі сам Лукашэнка — яго указы адмене іншымі інстанцыямі не падлягаюць.

Чытайце таксама рэпартаж “Нам не трэба тут столькі г..на!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі