"Як ашчушчэнія, Даша?": у Домрачавай патрабуюць выказацца пра затрыманне брата

Дар'я Домрачава / фота з яе старонкі ў "Інстаграме"
Дар'я Домрачава / фота з яе старонкі ў "Інстаграме"

Архітэктар Мікіта Домрачаў, брат біятланісткі Дар'і Домрачавай, быў збіты сілавікамі і затрыманы. 11 кастрычніка Домрачаў ехаў на ровары ўздоўж набярэжнай Свіслачы і стаў сведкам затрыманняў. Неўзабаве сілавікі звярнулі ўвагу і на яго. Мужчыну збівалі нагамі і дубінкамі, кінулі ў міліцэйскую машыну.

З будынка РУУС Мікіту Домрачава забрала ў бальніцу хуткая: траўмы, атрыманыя падчас затрымання, аказаліся даволі сур'ёзнымі і патрабавалі медыцынскага ўмяшання.

Пасля інцыдэнту з Мікітам каментатары літаральна атакавалі "Інстаграм" спартсменкі. Яны пішуць пад двума допісамі, якія Дар'я апублікавала 12 жніўня, адгукнуўшыся на жорсткае задушэнне вулічных пратэстаў у Беларусі:

"Сітуацыі на вуліцах не могуць не турбаваць... Хачу звярнуцца да жыхароў нашай цудоўнай, любімай краіны, да прадстаўнікоў АБОДВУХ БАКОЎ канфлікту: паважайце адно аднаго, пачуйце адно аднаго і спакойна, цывілізавана вырашайце праблемы. Не ўпадайце ў крайнасці, ёсць і іншыя, ГУМАННЫЯ метады вырашэння праблем. Мы ўсе людзі. Давайце заставацца Людзьмі", — спачатку напісала Домрачава.

Крыху пазней яна звярнулася менавіта да кіраўніцтва сілавых ведамстваў:

"Люблю МІРНУЮ родную Беларусь! І менавіта такую! Прашу ўсіх, ад каго гэта залежыць, усіх, хто аддае распараджэнні, кіраўнікі атрадаў АМАП. СПЫНІЦЕ ГВАЛТ. Не дапусціце працягу гэтага несправядлівага жаху на вуліцах. Любы канфлікт можна вырашыць мірным шляхам. Любы. Калі ласка, пачуйце".

Тады інтэрнэт-карыстальнікі ацанілі словы Домрачавай як "і вашым, і нашым". Цяпер, калі збіты старэйшы брат біятланісткі, каментатары лічаць, што сітуацыя змянілася. Яны пытаюцца ў Дар'і, як адчуванні пасля збіцця роднага чалавека, патрабуюць перастаць маўчаць і выступіць з якой-небудзь заявай.

“Как ощущения, Даша?”: у Домрачевой требуют высказаться о задержании её брата
“Как ощущения, Даша?”: у Домрачевой требуют высказаться о задержании её брата
“Как ощущения, Даша?”: у Домрачевой требуют высказаться о задержании её брата
“Как ощущения, Даша?”: у Домрачевой требуют высказаться о задержании её брата

На цяперашні момант допісы сабралі 1,5 тысячы і 2,8 тысячы каментароў адпаведна. Гэта ў дзясяткі разоў больш, чым збіраюць іншыя допісы ў інсце Домрачавай.

Рэакцыі на падзеі 11 кастрычніка і на каментары ад самой спартсменкі пакуль не было. Як сказаў у размове з Еўрарадыё Мікіта Домрачаў, яго сястра цяпер знаходзіцца ў Кітаі: Домрачава трэніруе кітайскую зборную па біятлоне. Магчыма, менавіта з гэтым і звязана яе маўчанне: у Кітаі "Інстаграм" заблакаваны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі