Вы тут

"Я выходжу", "Масандра" і 0‰: 12 траўня — паўгода з дня смерці Рамана Бандарэнкі

На магіле Рамана Бандарэнкі / Еўрарадыё​

— Рома — мой брат, і я б усё аддала, каб ён быў з намі побач. Але што ёсць — тое ёсць. Я стараюся захоўваць аптымізм і шукаць тое, што даказвае: яго ахвяра была не марнай, і ўсё тое, што здарылася, было не дарма, — распавядае Еўрарадыё Вольга Кучарэнка. 12 траўня — паўгода з таго вечара, як яе брат, мастак Раман Бандарэнка, памёр у мінскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі пасля збіцця на "Плошчы перамен".

Давайце ўспомнім падзеі тых дзён.

"Я выходжу"

Увечары 11 лістапада 31-гадовага Рамана Бандарэнку затрымліваюць на "Плошчы Перамен". Хлопец выйшаў на двор, калі невядомыя ў масках прыехалі на бусіку зразаць з агароджы белыя і чырвоныя стужкі. "Я выходжу", — такім было апошняе паведамленне Ромы ў дваровым чаце.

Напад

У двары Раман сутыкаецца з некалькімі невядомымі ў цывільным адзенні. Амаль адразу будзе апублікаванае фота — яны накідваюцца на хлопца проста на дзіцячай пляцоўцы. Пазней з'явіцца відэа: Бандарэнку нясуць да мікрааўтобуса, вельмі падобнага да тых, на якіх ездзяць сілавікі. Перад тым як пагрузіць мастака ў бус, яго "раняюць" галавой на асфальт.

Кома і смерць

Рамана Бандарэнку дастаўляюць спачатку ў міліцыю, а потым у БХМД. Дзесьці ў прамежку паміж затрыманнем і бальніцай хлопца збіваюць — ён паступае да медыкаў у стане комы. Лекары праводзяць трэпанацыю чэрапа, але прыкладна праз суткі пасля затрымання Бандарэнка памірае.

Рэакцыя дзяржавы

Міліцыя заяўляе, што на "Плошчу Перамен" прыехалі "неабыякавыя грамадзяне". Дзяржканалы перадаюць, што Бандарэнка быў п'яны. Пра гэта кажа і Аляксандр Лукашэнка. Аднак па тэлеграме разлятаюцца вынікі аналізаў, узятых у хлопца пасля паступлення ў бальніцу. З дакументаў вынікае, што ён быў цвярозы.

Справа пра "0 праміле"

Лекара БХМД Арцёма Сарокіна і журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч абвінавачваюць у тым, што, апублікаваўшы вынікі аналізаў Бандарэнкі, яны разгалосілі медычную таямніцу. Сарокіна і Барысевіч судзяць. Лекар атрымлівае два гады ўмоўна, журналістка — паўгода калоніі. Яна павінная выйсці на волю 19 траўня 2021 года.

"Злітыя" запісы

На "злітых" пазней запісах тэлефонных размоў меркавана прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант абмяркоўвае з чалавекам, чый голас падобны на голас кіраўніка Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава, дэталі блізкай паездкі "па стужачкі". Праз некалькі месяцаў КДБ абвесціць гэтую размову часткай спецаперацыі па выяўленні "крата" ў структуры сілавых органаў.

Ёсць і яшчэ адзін "зліты" запіс. На ім людзі з галасамі, падобнымі на галасы Дзмітрыя Баскава і трэнера па баявых адзінаборствах Дзмітрыя Шакуты, абмяркоўваюць абставіны збіцця Бандарэнкі і перадачу яго амапаўцам. Сапраўднасць гэтага запісу не пацверджаная.

Расследаванне

Праз тры месяцы пасля гібелі Рамана Бандарэнкі Генпракуратура пачынае крымінальную справу за "наўмыснае прычыненне цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула смерць па неасцярожнасці". У ведамстве спяшаюцца паведаміць, што дачыненне супрацоўнікаў праваахоўных органаў да нанясення цялесных пашкоджанняў Рамана не высветленае.

Расследаванне працягваецца дагэтуль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.