Вы тут

“Я веру ў карму”. Як 16-гадовая Наста з Ашмян здала ЦТ на 297 балаў з 300

Фота: vk.com

100 балаў па хіміі, 100 па біялогіі, 97 па беларускай мове. У дадатак — 100 балаў за атэстат! 16–гадовая Наста Саванец з Ашмян сёлета паставіла на цэнтралізаваным тэставанні рэкорд.

Наста — дачка настаўнікаў, выпускніца ашмянскай гімназіі №1. Дзяўчына збіраецца паступаць на стаматолага ў медуніверсітэт у Мінску. Як яна рыхтавалася да ЦТ, што чытае, якую музыку слухае, навошта займаецца валанцёрствам, што думае пра беларускую мову і сучасную літаратуру — пра ўсё гэта Наста Саванец распавяла ў эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё.

 

“У маім класе ўсе здавалі рускую”

Еўрарадыё: Тэставанне па рускай мове сёлета здавала амаль утрая больш абітурыентаў, чым ЦТ па беларускай. Чаму ты выбрала беларускую?

Наста Саванец: Насамрэч, у маім класе ўсе здавалі рускую. Але ў мяне была добрая выкладчыца, я прынцыпова вучыла родную мову, паколькі лічу, што нават калі ты не размаўляеш на ёй штодня, павінен яе ведаць. Мы ж жывём у Беларусі. Я атрымала 97 балаў па тэсціраванні (хто з нас не памыляецца?), але цяпер мне не будзе сорамна, што не змагу падтрымаць размову па–беларуску. У першаю чаргу, я гэта рабіла для сябе.

Еўрарадыё: А ты верыш, што аднойчы ўсе беларусы пачнуць размаўляць на роднай мове?

Наста Саванец: Я лічу, што ўжо прайшло шмат год пасля развалу Савецкага Саюза. Мы — Рэспубліка Беларусь, у нас нядаўна быў Дзень Незалежнасці. Мы павінны ведаць родную мову, павінны на ёй размаўляць.

“Цяпер беларуская мова — сувенір, які паставілі на паліцу. Некаторыя людзі абыходзяць яе бокам, баяцца дакрануцца, нібы яна разваліцца. Ці проста так паважаюць, што баяцца ўзяць”. Гэта выказванне аднаго з сучасных крытыкаў. Калі я рыхтавалася да алімпіады па беларускай мове, яно трапіла мне ў душу.

Мой дзядзька, які выкладае гісторыю ў Гродзенскім універсітэце, увесь час размаўляе на прыгожай, чыстай беларускай мове. Мне не падабаецца, калі мовы змешваюць, гутараць на трасянцы. Перайсці на беларускую мову ўсім магчыма, але нам патрэбны час. Гэта будзе не праз 10–20 год. Мабыць, спатрэбіцца стагоддзе.

“Беларусы баяцца дапамагаць”

Еўрарадыё: Якія тэмы цябе хвалююць? Каму дапамагаеш як валанцёрка?

 Наста Саванец: Я займаюся валанцёрствам з восьмага класа. Спачатку разам з настаўніцай па хіміі праводзілі заняткі — распавядала аднагодкам пра ВІЧ, наркаманію, залежнасць ад гаджэтаў. Пасля ўступіла ў Чырвоны крыж, прайшла курсы першай дапамогі. Дзякуй богу, што яшчэ не сутыкалася з тым, калі людзі, напрыклад, гублялі на маіх вачах прытомнасць, таму пакуль вялікага досведу ў гэтай справе няма, але ў любым выпадку веды спатрэбяцца. Хвалюе тое, што мы мала пішам і размаўляем пра нашы праблемы.

Фота: vk.com

Лічу, што беларусы баяцца дапамагаць. Вось, напрыклад, ВІЧ — праблема XXI стагоддзя. Колькі людзей ужо захварэла! А ў нас усе маўчаць. У UNICEF ёсць праект са слоганам “Датычыцца нават тых, каго не датычыцца”. У кожным горадзе адкрываюцца станцыі, дзе можна ананімна прайсці тэст на ВІЧ. Калі я была ў лагеры “Зубраня”, нам распавядалі пра гэты праект. Мы сустракаліся з людзьмі, якія ім займаюцца, пасля ўжо я сама праводзіла трэнінгі сярод моладзі, распавядала пра UNICEF.

Што тычыцца наркотыкаў, асноўная наша бяда — што мы абыходзім праблему бокам. Трэба больш увагі, адказнасці; зноў жа, не заплюшчваць вочы, а адкрыта размаўляць. Таксама мяне турбуюць экалагічныя праблемы. Тое самае будаўніцтва Астравецкай АЭС. Я — хімік. Ведаю пра атамы і радыяцыю. Калі рэсурсы выкарыстоўваць з розумам, гэта не праблема. Галоўнае, каб тыя спецыялісты, якія працуюць на атамнай станцыі, былі адукаванымі, каб не паўтарылася трагедыя, якая была ў Чарнобылі.

Еўрарадыё: Ты разважаеш вельмі па–даросламу. Як у цябе з сябрамі? Аднагодкі не дражняць “завучкай”?

Наста Саванец: Не, такіх праблем няма. Наадварот, увесь час сяброў робіцца больш. Я імкнуся дапамагаць людзям. Іншая справа, што большасць маіх сапраўдных сяброў вучацца на другіх–трэціх курсах універсітэтаў.

 

“Сучасную беларускую літаратуру не зусім пакуль разумею”

Еўрарадыё: Напэўна, каб падтрымліваць стасункі з імі, даводзіцца шмат чытаць?

Наста Саванец: Мне здаецца, што моладзь не вельмі шмат чытае. У майго дзядулі свая бібліятэка. У яго тры тысячы кніг! З дзяцінства мяне прывучалі чытаць шмат. Праз гэта я пісьменная, пішу без памылак. Вельмі люблю чытаць. У мяне ёсць любімыя аўтары, любімыя кнігі. Люблю Раісу Баравікову, мне вельмі падабаюцца яе вершы. Люблю Рыгора Барадуліна, люблю Уладзіміра Караткевіча і, канешне, тры нашы зоркі — Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа.

Калі сказаць шчыра, сучасную беларускую літаратуру не зусім пакуль разумею. Мабыць, я яшчэ маленькая. Больш чытаю літаратуру 20–га стагоддзя. І мне вельмі сорамна за людзей, якія не могуць падтрымаць размову пра кнігі, аўтараў, сучаснае кіно. Я вельмі люблю кіно. А чытаць мяне прывучыла мая сям’я. Я рыхтавалася да ЦТ, але нават тады шмат чытала.

Фота: vk.com

Еўрарадыё: Чым яшчэ цікавішся?

 Наста Саванец: Люблю фатаграфаваць. Фатаграфую людзей, прыроду. Таксама вучылася ў музычнай школе, граю на цымбалах. Удзельнічала ў музычных міжнародных конкурсах — мне прапаноўвалі ехаць вучыцца ў Маскву, у Гнесінку, але медыцына — перадусім. Таксама займаюся баскетболам, хаджу на танцы. З прадметаў люблю фізіку, мовы, літаратуру, фізкультуру… Увогуле, у мяне няма нелюбімых прадметаў. Можа, я не вельмі люблю гісторыю, але ўсё роўна яе паважаю.

“Рэп не люблю. Больш прыемна слухаць оперу”

Еўрарадыё: У сацыяльных сетках шмат тваіх прыгожых здымкаў. Ты мадэль?

Наста Саванец: Люблю фатаграфавацца, таму фатаграфуюся шмат. Пра такіх людей, як я, часам кажуць, маўляў, людзі разумныя і “завучкі” так не сфатаграфуюцца, але я фатаграфуюся. Мне проста падабаецца.

Еўрарадыё: А музыка? Ці ўплываюць бацькі на тое, што слухаеш?

Наста Саванец: У маёй сям’і ніхто ніколі нікога ні да чаго не прымушае. Я выбіраю факультэт — мне кажуць, маўляў, сама выбірай, гэта тваё жыццё. З кнігамі і музыкай таксама так. Музычны густ мне прывілі ў музычнай школе. З іншамоўных спявачак падабаецца Adel ды Lana Del Ray, Земфіра ды Дыяна Арбеніна. З беларускіх музыкаў — N.R.M., BRUTTO. Музыка, што цяпер папулярная, таксама можа падабацца. А вось рэп не люблю. Больш прыемна слухаць оперу. Ёсць такая спявачка Таццяна Матафонава, яна наша, ашмянская. Вельмі файна оперна спявае вершы беларускіх аўтараў.

 

“Усім ніколі не будзе добра. Але я веру ў карму. Усё вяртаецца”

Еўрарадыё: Можаш прыгадаць самую незвычайную сустрэчу ў жыцці?

Наста Саванец: З прэзідэнтам Беларусі. У мінулым годзе я ездзіла на сустрэчу з ім разам з іншымі школьнікамі з усёй краіны. Мы задавалі яму пытанні пра адукацыю, пра Беларусь увогуле. Канферэнцыя цягнулася пяць гадзін. Канешне, страшна: гэта ж прэзідэнт. Але калі ён з усмешкай адказваў на нашы пытанні, размаўляў з намі як з дарослымі, гэта было цікава. Таксама сустракаліся з Міхаілам Мясніковічам і з міністрам адукацыі ў лагеры “Зубраня”.

Еўрарадыё: Ты цікавішся палітыкай? Ведаеш, напрыклад, як зрабіць свет лепшым?

Наста Саванец: Лічу, што я маленькая, каб разбірацца ў гэтых пытаннях. Думаю, людзі, якія займаюцца палітыкай, павінны быць вельмі адукаванымі, пражыць доўга, ведаць свет. Я пакуль столькі не жыла. Што наконт свету, дык усім ніколі не будзе добра. Але я веру ў карму. Усё вяртаецца. Мне здаецца, трэба больш думаць пра іншых, больш рабіць дабра, не быць эгаістамі.

Еўрарадыё: Ты часта вандруеш? Як лічыш, чаму беларусам трэба вандраваць?

Наста Саванец: Апошнія гады я вандрую па Беларусі. Я была на розных азёрах — Браслаўскіх, Блакітных, на Нарачы. Беларусам трэба вандраваць, каб больш ведаць пра іншыя краіны, пра іх гісторыю, а таксама каб больш любіць сваю. У мяне часам пытаюць, чаму не еду вучыцца за мяжу? Я не з тых людзей, якія паедуць і не будуць сумаваць па сваёй Радзіме, сям’і. Мая сям’я — мая Радзіма, мая Радзіма — мая сям’я, неяк так. Можа, аднойчы я і з’еду, але не цяпер. Калі вандрую, то ўсё роўна думаю пра сваю зямлю, пра сваю хату, пра сваіх родных.

Напісаць верш прасцей, чым праграму

Еўрарадыё: Чаму ты не пайшла ў IT? Гэта ж так модна і столькі грошай!

Наста Саванец: Самае страшнае ў жыцці — працаваць і разумець, што праца не падабаецца. Так, камп’ютары, ноўтбукі, тэлефоны — гэта файна, я люблю тэхніку. Але я не хачу пісаць праграмы. Мне было б прасцей верш напісаць, хоць і не пішу сама.

Еўрарадыё: У цябе ёсць мара?

Наста Саванец: Не. Я лічу, што ўсё будзе як будзе, таму паглядзім, як будзе. Мара аб добрым жыцці — яна ёсць у кожнага. Таксама спадзяюся, што навучуся лячыць зубы не балюча (смяецца).

Еўрарадыё: Што наконт кахання?

Наста Саванец: О, гэта вельмі інтымнае пытанне! Я ведаю, што такое сімпатыя. Мне 16 гадоў, і пытаць мяне пра каханне, напэўна, пакуль ранавата.