"Я нікуды не паеду": як выбіраюць дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу

VI Усебеларускі народны сход пройдзе ў Палацы Рэспублікі / Еўрарадыё
VI Усебеларускі народны сход пройдзе ў Палацы Рэспублікі / Еўрарадыё

Пачуўшы пра тое, што 11–12 лютага пройдзе VI Усебеларускі народны сход, многія захацелі вылучыцца туды дэлегатамі. Але практычна адначасова з навінамі пра тое, што вызначана дата форуму, сталі з'яўляцца навіны і пра тое, што дэлегаты ад таго ці іншага раёна ўжо абраныя.

Як гэта адбывалася? Еўрарадыё звязалася з некаторымі з тых, хто паедзе на УНС у Мінск. Ініцыятывы ніхто з нашых суразмоўнікаў не праяўляў. Хтосьці даведаўся пра сваё вылучэнне ўжо 28 снежня — у той жа дзень, калі Лукашэнка агучыў дату форуму. Іншых абралі "без іх": адзін з дэлегатаў знаходзіцца на каранціне праз COVID-19 і пра сваё вылучэнне даведаўся ад Еўрарадыё. А выбіралі дэлегатаў не зыходзячы з нейкага парадку дня або праграмы. Пра што гаварыць на сходзе, яны збіраюцца падумаць у найбліжэйшы месяц.

Проста абралі

Дырэктару ВУ "Горкігаз" Аляксандру Белкіну, каб стаць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, рабіць нічога не давялося. Яго проста абралі на сумесным пасяджэнні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў (дэпутатам якога ёсць і Белкін).

— Каго вылучылі, значыць, таго вылучылі. Мы самі не праяўлялі ініцыятывы, — расказвае ён Еўрарадыё.

Пра што дэлегат збіраецца гаварыць на УНС?

— Парадак дня ў нас адзін: павінна быць у нас адзіная, моцная Беларусь. А праграмы яшчэ няма. Рэч у тым, што толькі 29 снежня [на наступны дзень пасля абвяшчэння даты УНС. — Еўрарадыё] выбралі дэлегатам. І канкрэтнай праграмы я не прадумваў.

Дэлегат адзначае, што пры фарміраванні парадку дня будзе абапірацца на запатрабаванні людзей. Хоць у асноўным яны датычацца жыццёвых спраў.

— Мы штомесяц збіраемся з людзьмі. Іх больш за ўсё цікавіць, вядома, жыццё на вёсцы. Там пытанняў шмат: і бытавыя, і дарожныя, і дабрабыт сем'яў. Кагосьці хтосьці крыўдзіць на працы. Усякае ёсць. Пытанні штодзённыя, нічога палітычнага.

Дзесьці грошай не хапае бюджэтных, дапусцім, дарогі паправіць, рамонт жылля зрабіць, калі гэта камунальнае жыллё.

"Сам сябе я не прапаноўваў"

Начальнік філіяла ДЭУ №79 "Магілёўаўтадар" дэпутат аблсавета Уладзімір Зайцаў даведаўся пра сваё вылучэнне 28 снежня — у той жа дзень, калі Лукашэнка агучыў дату форуму. Пра канкрэтныя пытанні для VI Усебеларускага народнага сходу ён таксама гаварыць пакуль не гатовы.

— Я так разумею, мяне як дэпутата абласнога Савета прапанавалі жыхары акругі. Сам сябе я не прапаноўваў. Пытанні яшчэ рыхтуем. Яшчэ ў нас месяц наперадзе. Ёсць больш сур'ёзныя пытанні, але пакуль іх агучваць я не буду. Ёсць пытанні ад дэлегацыі, але гэта вельмі вялікія пытанні, якія трэба вырашаць, можа быць, дзесьці парламенту, дзесьці ўраду. Такія, гэта ўжо не людзей пытанні.

Яшчэ адзін вылучаны дэлегат — дырэктар ААТ "Сож-Агра" і дэпутат Краснагорскага сельсавета Святлана Кастрычка, пачуўшы ад Еўрарадыё пра тое, што яе абралі дэлегатам УНС, кажа, што дакладна нікуды не паедзе.

— Я не ведаю, мяне ніхто нікуды не запрашаў. Гэта раз. А па-другое, я далёка ад Мінска, на каранціне. Таму ніяк не магу. У мяне каранавірус.

Не ад вуліцы, не ад мікрараёна

Такім чынам, сярод дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу "чужых" не будзе. У асноўным туды трапляюць дэпутаты мясцовых Саветаў, абраныя ў 2018 годзе.

Звычайнаму чалавеку трапіць на УНС не так проста. Пра гэта ў праграме "Дыялог у жывым эфіры" тэлеканала "Мазыр" расказала дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад 42-й Мазырскай акругі Валянціна Назаранка:

— Кандыдат ад народа — гэта ж і працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі. Складана адказаць. Як ад народа? Ад нейкай арганізацыі павінен быць, а не ад вуліцы, не ад мікрараёна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі