World Aquatics дазволіла беларускім плыўцам выступаць пад дзяржаўным сцягам і гімнам
Плыўцы, ілюстрацыйнае фота
Беларускім і расійскім плыўцам дазволілі выступаць на міжнародных спаборніцтвах з дзяржаўнымі сімваламі — сцягам і гімнам. Адпаведнае рашэнне прыняла World Aquatics (Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту), аднавіўшы поўныя сяброўскія правы Беларусі і Расіі.
У прэс-рэлізе федэрацыі гаворыцца: "Дарослыя спартоўцы з беларускай ці расійскай спартыўнай нацыянальнасцю будуць дапушчаныя да ўдзелу ў спаборніцтвах World Aquatics на тых жа ўмовах, што і іх сапернікі, якія прадстаўляюць іншыя спартыўныя нацыянальнасці, — з выкарыстаннем сваёй формы, сцягоў і гімнаў".
Раней міжнародная федэрацыя дазволіла спартоўцам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у юнацкіх спаборніцтвах на агульных умовах.
World Aquatics дапускала плыўцоў з Беларусі і Расіі да турніраў з 2023 года ў якасці нейтральных індывідуальных спартоўцаў. Са студзеня 2026-га прадстаўнікам Беларусі і Расіі дазволілі ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах.