Вы тут

Выйшаў на волю пенсіянер, якога асудзілі за ліст у раённую газету

Мікалай Віцікаў / Фота з сацсетак

Выйшаў на волю палітвязень, жыхар вёскі Церуха Гомельскага раёна 68-гадовы пенсіянер Мікалай Віцікаў. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Яго затрымалі яшчэ ў студзені. Падставай паслужыў ліст у раённую газету "Маяк", дзе пенсіянер выказаў свае меркаванні пра Усебеларускі народны сход. Акрамя таго, знаёмыя Віцікава расказвалі, што ён хацеў арганізаваць у сваёй вёсцы дыялогавую пляцоўку для абмеркавання новага праекта Канстытуцыі, які тады выносіўся на рэферэндум

Першапачаткова яго абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці, але затым абвінавачванне змянілі на іншае: дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

У пачатку чэрвеня суддзя Навабеліцкага раёна Аляксандр Зінчук прызнаў яго вінаватым і прысудзіў да 8 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за "замах на распаўсюд недакладнай, абразлівай.... інфармацыі аб дзейнасці дзяржорганаў, сілавікоў..."

З улікам дзён, праведзеных у СІЗА (1 дзень у СІЗА як 1,5 дня ў калоніі), тэрмін яго пакарання скончыўся 28 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.