"Выступаючы яго адвакатам, ты ганьбіш сябе": Шрайбман пра дыялог ЕС з Лукашэнкам

Хто захоча быць адвакатам вядомага персанажа? / Еўрарадыё
Хто захоча быць адвакатам вядомага персанажа? / Еўрарадыё

Беспрэцэдэнтна вялікая група мігрантаў штурмуе мяжу Польшчы з боку Беларусі, імкнучыся трапіць у Еўрасаюз, — такія відэакадры з'явіліся ў СМІ 8 лістапада. Пра тое, што міграцыйны канфлікт адбываецца з патурання беларускіх уладаў, заяўляюць ужо ў штаб-кватэры НАТА і заклікаюць рэжым Лукашэнкі "выконваць міжнароднае права".

Ці магчымы дыялог ЕС і ўладаў Беларусі за сталом перамоваў, у той час як "гібрыдная вайна" ў самым разгары?

— Не, гэта аддаляе Еўропу ад гэтай ідэі, — мяркуе палітычны аналітык Арцём Шрайбман. — У Еўропе ідуць дэбаты на гэты конт, як паводзіць сябе з Лукашэнкам: дыялог ці не дыялог, ціск ці стрымліванне. У такія секунды пазіцыя тых, хто выступае за дыялог, аслабляецца. Таму што ім проста сорамна глядзець у вочы прадстаўнікам Польшчы, Літвы і астатніх краін, а на самітах і разнастайных сустрэчах працягваць лабіраваць дыялог з Лукашэнкам.

Калі на афіцыйным узроўні гучаць абвінавачанні ў трафіку людзьмі, у тэрарызме, у пірацтве і ва ўсім тым, у чым абвінавачвалі Аляксандра Лукашэнку з самых высокіх еўрапейскіх трыбун, то выступаючы яго адвакатам, ты проста ганьбіш сябе. Ты ставіш сябе пад удар усіх еўрапейскіх СМІ. Таму няма каму ініцыяваць дыялог з Лукашэнкам.

28 "дарожных мап", накіраваных на інтэграцыю з Расіяй, былі падпісаныя Лукашэнкам 4 лістапада. Збліжэнне дзвюх дзяржаў няўмольнае ці ўсё гэта па-ранейшаму абмен палітычнымі кампліментамі?

— Мы не ведаем, што ў дарожных мапах, гэта важна разумець. Мы ведаем толькі тое, што было напісана ў кароткай анатацыі да іх, і заявы палітыкаў з дзвюх краін. Калі мы абапіраемся толькі на гэтую інфармацыю, то ў саміх саюзных праграмах няма нічога такога, што можна было б назваць ушчамленнем беларускага суверэнітэту.

Але гэта частка больш агульнага працэсу, ёсць узмацненне расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі, — падкрэслівае Арцём Шрайбман. — Вучэбна-баявыя цэнтры, С-300 на мяжы, новыя самалёты ў рамках вучэбна-баявых цэнтраў і гэтак далей. Падпісаная ваенная дактрына, хоць мы яе таксама пакуль што не бачылі, што там запісана — незразумела. Ёсць узмацненне інфармацыйнай прысутнасці Расіі з прычыны таго, што шмат якія незалежныя беларускія СМІ знішчаныя.

“Выступая его адвокатом, ты позоришь себя”: Шрайбман о диалоге ЕС с Лукашенко
Тым часам мігранты на мяжы з Польшчай адкрыта парушаюць мяжу ЕС: сярод белага дня пераразаюць спіраль Бруна, кідаюць розныя прадметы ў польскіх памежнікаў / Ministerstwo Obrony Narodowej

Зыходзячы з напружанасці падзей на беларуска-польскай мяжы, ці ёсць шанц у міжнароднай канферэнцыі ў Вене 22 лістапада дасягнуць мэты па наладжванні дыялогу паміж апазіцыяй і беларускім рэжымам?

— Я не бачу ў гэтай канферэнцыі чагосьці ўплывовага і значнага для беларускай унутранай палітыкі, — сумняваецца аналітык. — Гэта пытанні пазіцыянавання беларускіх дэмакратычных сіл: ім важна трымаць Беларусь на парадку дня. Рабіць гэта можна некалькімі спосабамі: гучнымі візітамі, канферэнцыямі, днямі салідарнасці з Беларуссю. Вось прыйшла чарга канферэнцый.

Часцей і лепш за ўсё з падтрыманнем Беларусі на парадку дня спраўляецца сам Лукашэнка. Трэба аддаць належнае, што яго дзеянні падымаюць Беларусь у топы загалоўкаў нашмат часцей, чым Святлана Ціханоўская, яе штабы, Латушка і ўсе астатнія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі