Выступ на турніры ў Сан-Хасэ Азаранка пачала з перамогі

На тэнісным турніры ў амерыканскім Сан-Хасэ Вікторыя Азаранка (108-е месца ў рэйтынгу WTA) пачала свой выступ з перамогі. 

У матчы першага круга беларуская тэнісістка, як паведамляе tut.by, у трох сэтах перамагла ўкраінку Кацярыну Бандарэнку (79) — 6:3, 6:7 (7:9), 7:5. Паядынак доўжыўся 2 гадзіны 40 хвілін.

У другім крузе супраць Азаранка выступіць сёмая ракетка свету іспанка Гарбінье Мугуруса.

У асноўнай сетцы турніру выступіць яшчэ адна наша суайчынніца — Вера Лапко (69). Яе саперніцай будзе кітаянка Шуай Чжан (32).

Арына Сабаленка (36) у 1-м крузе кваліфікацыі саступіла 258-й ракетцы свету амерыканцы Марыі Санчэс. Цяпер нашая тэнісістка працягне барацьбу ў парным разрадзе. Разам з амерыканкай Сафіяй Кенін яна пазмагаецца супраць тандэма Ірына Фальконі (ЗША) / Вераніка Сепедэ Роіг (Парагвай).