Вышэйшая ліга футбольнага чэмпіянату Беларусі скароціцца да 12 каманд

Да 2010 года вышэйшая ліга футбольнага чэмпіянату Беларусі скароціцца да 12 каманд. Такое рашэнне прынята 1 красавіка на пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола, які адбыўся перад пачаткам справаздачнай канферэнцыі БФФ.
Як паведаміў кіраўнік федэрацыі Генадзь Нявыглас, у 2009 годзе вышэйшая ліга скароціцца з 16 да 14 каманд, у 2010-м — яшчэ на дзве. Па выніках цяперашняга і наступнага сезонаў лігу будуць пакідаць тры найслабейшыя каманды, на замену якіх прыйдзе пераможца турніру ў першай лізе.

Акрамя таго, па словах Нявыгласа, з 2011 года плануецца праводзіць чэмпіянат ва ўсіх лігах па сістэме "восень—вясна" (цяпер "вясна—восень"). Сёлета ўсе клубы вышэйшай лігі павінны абсталяваць стадыёны сістэмай асвятлення, а палі — сістэмай падагрэву.

Нявыглас, які з'яўляецца кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, узяў на кантроль пытанне фармавання тарыфаў на энергію, якая патрабуецца на падагрэў футбольных палёў.

БелаПАН