Выпускнік ЕГУ: “Набяруся тут вопыту і вярнуся ў Літву”

“З ліку апытаных 466 выпускнікоў, якія скончылі універсітэт у 2009-2011 гадах, у Беларусі на дадзены момант пражывае каля паловы. Большасць з іх працуе ў прыватным сектары: у прыватных кампаніях, незалежных СМІ ці беларускіх і міжнародных некамерцыйных арганізацыях. Апытанні выпускнікоў ЕГУ праводзяцца рэгулярна і на іх адказваюць звыш 80% выпускнікоў”, — сцвярджае афіцыйны сайт універсітэта. І дадае, што “Кіраўніцтва ЕГУ ганарыцца тым, што большасць яго выпускнікоў застаюцца ў Беларусі ці вяртаюцца туды па заканчэнні універсітэта, нягледзячы на значныя цяжкасці і перашкоды”.

Адзін з самых актыўных былых студэнтаў ЕГУ Кірыл Атаманчык кажа, што пасля заканчэння навучання ў студэнтаў ёсць некалькі варыянтаў будучыні.

“Можна пасля бакалаўрыяту ісці ў магістратуру. Думаю, гэтак робяць палова выпускнікоў. Другі варыянт — вярнуцца ў Беларусь і працаваць у прыватных структурах, альбо заняцца ўласным бізнэсам”.

Кірыл дадае, што большасць выпускнікоў і навучэнцаў ЕГУ увогуле з Беларусі надоўга не выязджае — яны навучаюцца завочна, альбо дыстанцыйна (згодна з афіцыйнымі лічбамі — у Беларусі пастаянна жыве дзве траціны студэнтаў). Пра свае ўласныя планы Кірыл гаворыць коратка — пакуль не вызначыўся.

“Уласна мае планы пакуль нявызначаныя. Цяпер адпачываю. А вось пад канец лета вызначуся. Хутчэй за ўсё, гэта будзе ўласны бізнэс”.

Бізнэсам Кірыл плануе займацца не ў Беларусі. Хутчэй за ўсё — у Літве. А вось іншы выпускнік ЕГУ — Мікалай Тоўсцік — у Беларусь вярнуўся адразу пасля заканчэння універсітэта. Вучыўся там на журфаку, працуе ў вядомай рэкламнай фірме ў Мінску. Кажа, што большасць яго аднакурснікаў працуе не зусім па спецыяльнасці.

“У нас была вельмі шырокая агульнагуманітарная адукацыя. І ўсе робяць тое, што ім цікава. Людзі адкрываюць свой уласны бізнэс, частка з’язджае за мяжу”.

Мікалай расказвае, што за гады навучання і студэнцкага жыцця ў Вільні прывык да “еўрапейскай вольніцы”. Аднак па вяртанні ў Мінск адаптацыя шмат часу не заняла.

“Мне не давялося адаптавацца ў Беларусі. У ЕГУ была даволі агульная адукацыя. Гэты універсітэт мне дапамог нават не столькі нейкімі ведамі, колькі агульным крэатыўным развіццём мозга”.

Тым не менш, Мікалай таксама хацеў бы з’ехаць з Беларусі. Прынамсі, мае гэта ў далёкіх планах.

“Шмат хто з выпускнікоў сумуе па Вільні. Лічу, што вярнуся туды праз некалькі гадоў. Пакуль працую тут, але калі набяруся досведу, зараблю нейкія грошы, то хацеў бы вярнуцца ў Літву і там працаваць, жыць”.

Так што вучоба за мяжой, хай сабе і ў беларускім універсітэце, справа для патрыятызму небяспечная. “Альма матэр”, як паказвае практыка, можа замяніць Радзіму.

Фота g3.dcdn.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі