Вы тут

Выпадак ці заканамернасць? Шахцёр — пра гібель брыгадзіра ў шахце Беларуськалія

Шахта "Беларуськалія" / kali.by

Раніцай 30 траўня ў шахце "Беларуськалія" загінуў брыгадзір лавы Анатоль Эгіптэ. У Следчым камітэце прыйшлі да папярэдняй высновы: ён атрымаў смяротныя траўмы, парушыўшы тэхніку бяспекі.

Еўрарадыё папрасіла былога супрацоўніка "Беларуськалія" растлумачыць, як загінуў шахцёр і што ён парушыў.

— Гаворка ідзе пра двухкамбайнавую лаву [прастору пад зямлёй, дзе працуюць адначасова два камбайны. — Еўрарадыё]. Машыніст аднаго камбайна ўбачыў, што з другога камбайна доўга не ідзе руда (канвеер там агульны). Прыйшоў — а той ляжыць задушаны. Выклікаў хуткую. Правялі праверку, сказалі, што ён парушыў ТБ, — расказвае наш суразмоўнік.

Дах у шахце падтрымлівае спецыяльны механізм — мацаванне. Калі трэба перасунуць секцыю мацавання, яго пераводзяць у рэжым разгрузкі. Гэта значыць, верхняя частка адпускае дах і ідзе ўніз.

— Калі брыгадзіра знайшлі, ручка кіравання стаяла на разгрузку. А яна пад суседняй секцыяй мацавання. Атрымліваецца, брыгадзір сам перавёў мацаванне ў рэжым разгрузкі, знаходзячыся пад суседнім, і прыйшоў пад тое, якое яго прыціснула. Камісія замярала, колькі трэба, каб мацаванне апусцілася ў рэжым разгрузкі, — 16 секундаў, — дадае наш суразмоўнік.

Чаму Эгіптэ апынуўся пад мацаваннем, якое сам жа перавёў у рэжым разгрузкі? Магчыма, рэч у тым, што брыгадзір быў ужо немалады, бо ён нарадзіўся ў 1966 годзе. Рэдка хто ў такім узросце можа пахваліцца рэакцыяй і канцэнтрацыяй увагі "як у маладых".

Таксама прычына можа быць у складаных умовах працы пад зямлёй.

— Перапрацоўка, брак адпачынку, рассеяная і паніжаная ўвага. Вынік — памылкі, — мяркуе шахцёр. — Калі ўлічыць, што і абсталяванне там старое і дабітае, за якім трэба пільна сачыць, тое, што адбылося, хутчэй заканамернасць, чым выпадак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.