Вынікі конкурса перакладаў The Beatles падведзеныя

Падведзеныя вынікі конкурсу перакладаў песень The Beatles, прымеркаванага да фэсту The Beatles Shabli. Еўрарадыё атрымала з тузін тэкстаў, якія вельмі нас пацешылі. Нехта спрабаваў “узяць” дармавыя квіткі ўменнем, а нехта — ідэяй. Як, напрыклад, аўтар перакладу “Why Don't We Do It In The Road”, які, як і арыгінал песні, складаецца з двух радкоў:
 
“Давай кахацца на шляху.
Ніхто не будзе назіраць”.
 
Але ўсё ж пераможцам конкурсу стаў Лявон Казакоў. Яго пераклад “A Hard Day’s Night” сапраўды літаратурны! І галоўнае: яго зручна спяваць у караоке!
 
Журы конкурса, у склад якога ўваходзілі журналісты Еўрарадыё і арганізатары фэсту, таксама адзначыла працы Даркі Кабаковай (“Сустрэць Усход” — “Here Comes The Sun”), Ані Бучко (“Закаханы” — “And I Love Her”), Аляксея Мялешкі (“Дарагая” — “Oh! Darling”), Каці Пціцынай (“Хэй, Джуд”) і Сяргея Януша (“У маім жыцці” — “In my life”) — іх усе, а таксама і колькі іншых перакладаў можна будзе праспяваць падчас The Beatles-караоке ад Еўрарадыё на фестывалі The Beatles Shabli
 
The Beatles “Гэта быў цяжкі дзень” (A hard day’s night)
 
Альбом: A hard day’s night
Джон Ленан, Пол Макартні
 
Пераклад-пераможца конкурса Еўрарадыё: Лявон Казакоў
 
Гэта быў цяжкі дзень, стаміўся я нібыта воўк
Гэта быў цяжкі дзень, мне б адыйсці ў краіну сноў
І я прыйшоў да цябе, каб не згубіцца ў журбе
І вось таму так файна мне.
 
Я працаваў увесь дзень, каб аб галечы нам забыць.
А ў сусветнай мітусні твая ўсмешка кліча жыць.
Навошта ганьбіць наш лёс, калі мы крочым наўпрост,
І ў гэтым свеце шчасце ёсць.
 
Гэта дом на раздарожжы вясны
Наш дом дзе сняцца шчаслівыя сны, сны...
 
Гэта быў цяжкі дзень, стаміўся я нібыта воўк
Гэта быў цяжкі дзень, мне б адыйсці ў краіну сноў
І я прыйшоў да цябе каб не згубіцца ў журбе
І вось таму так файна мне.
 
Навошта ганьбіць наш лёс? Калі мы крочым наўпрост,
То ў гэтым свеце шчасце есць.
 
Гэта дом на раздарожжы вясны
Наш дом дзе сняцца шчаслівыя сны, сны...
 
Гэта быў цяжкі дзень, стаміўся я нібыта воўк
Гэта быў цяжкі дзень, мне б адыйсці ў краіну сноў
Ды я прыйшоў да цябе, каб не згубіцца ў журбе
І вось таму так файна мне
Ты ведаеш, як файна мне
Ты ведаеш, як файна мне.
 
Мы віншуем Лявона з перамогай! Квіткі вы можаце забраць у рэдакцыі Еўрарадыё: Мінск, вуліца К. Маркса, 15, пакой 405.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі