Вынесены прысуд ліхачу-футбалісту на Infiniti ды яго сяброўцы

Вынесены прысуд ліхачу-футбалісту на Infiniti ды яго сяброўцы

Суд Цэнтральнага раёна Мінска за махлярства з тэлефонамі прысудзіў былога футбаліста Іллю Лухвіча да двух гадоў "хатняй хіміі". Яго сяброўка Настасся Будзько асуджаная на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, паведамляе TUT.by.

Ілля Лухвіч — сын былога футбаліста зборнай Беларусі і трэнера футбольнага клуба "Мінск" Аляксандра Лухвіча. Сам хлопец таксама гуляў за "Мінск". 

Аднак вядомасць яму прынеслі не спартовыя дасягненні, а серыя ролікаў у Instagram, дзе ён выхваляўся, як груба парушае ПДР: аб'язджае заторы па ўзбочыне і па сустрэчнай, перасякае двайную суцэльную паласу, раз'язджае на Infiniti па плошчы Незалежнасці. Пазней выявілася, што аўтамабіль належыць маці парушальніка. 

Пад суд Ілля са сваёй сяброўкай Настассяй Будзько трапілі за махлярства. Футбаліст разам са студэнткай Акадэміі міліцыі куплялі няспраўныя айфоны і прадавалі праз інтэрнэт пад выглядам працоўных. У крымінальнай справе фігуруе шэсць эпізодаў махлярства. На судзе Лухвіч заявіў, што яго пазбавілі стыпендыі, і такім спосабам ён вырашыў зарабіць. 

Пасля продажу тэлефонаў маладыя людзі выкідалі сім-карты, каб пакупнікі не маглі знайсці нядобрасумленных прадаўцоў. Кожны тэлефон футбаліст купляў прыкладна за 150 долараў, а прадаваў удвая даражэй.

На судзе Лухвіч і Будзько цалкам прызналі сваю віну. Пацярпелыя прасілі не караць іх строга: бацькі Іллі разлічыліся з імі да суда.

Дарэчы, Ілля цяпер працуе спецыялістам па продажах у аўтахаўсе, Настасся — памочнікам адміністратара ў рэстаране. 

Маладыя людзі правялі пад вартай тры дні, у суд прыйшлі самі. Паводле прысуду, Лухвічу-старэйшаму вернуць 6375 рублёў, якія ён заплаціў як заклад за сына, а маці вернуць аўтамабіль Infiniti.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі